Ілья Конанаў прадставіць Беларусь на фестывалі "Арт-футбол"

18.05.2018

Прэс-рэліз

25 мая ў Маскве стартуе штогадовы чэмпіянат свету па футболе сярод артыстаў. Нацыянальныя зборныя, якія складаюцца з прафесійных гульцоў, зорак эстрады і музыкантаў, будуць змагацца за запаветны кубак. У складзе беларускай каманды выступіць тэлевядучы праектаў "Капейка ў капейку" і "Тэлераніца" на "Беларусь 2" Ілья Конанаў.

Турнір пройдзе паводле падобнай да чэмпіянату свету ФІФА формулы. Наша краіна выступіць у групе С. За выхад у плэй-оф беларуская зборная згуляе з Расіяй, Румыніяй і Славеніяй. Згодна з правіламі, кожная каманда, за выключэннем трох гульцоў, павінна складацца з артыстаў. Пад беларускім флагам будзе гуляць вядучы тэлеканала "Беларусь 2" Ілья Конанаў. Плануецца, што нашу зборную падтрымае і вядомы футбаліст Аляксандр Глеб.

"Я вельмі рады, што змагу паўдзельнічаць у такім буйным музычна-спартыўным мерапрыемстве, і мне прыемна прадстаўляць там тэлеканал "Беларусь 2" і ўсю Белтэлерадыёкампанію", - адзначыў Ілья Конанаў.

Першы матч каманда Беларусі правядзе 26 мая ў 19:30 супраць Румыніі, далей сустрэнецца са Славеніяй (28 мая, 18:00), а 30 мая ў 19:30 - з Расіяй. За час турніру наша зборная наведае дзіцячыя дамы і бальніцы, дзе праходзяць лячэнне маленькія пацыенты.

Слоган восьмага фестывалю "Арт-футбол" - "Мір. Сяброўства. Дабро". У рамках спартыўна-музычнага свята адбудзецца дабрачынная акцыя "Пад флагам Дабра!", мэта якой - дапамагчы цяжкахворым дзецям, якія маюць патрэбу ў дарагім лячэнні. Усяго ў Маскву прыедуць 16 каманд з Беларусі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Парагвая, Італіі, Аргенціны, Германіі, Карэі і іншых краін.

Закрыццё фестывалю пройдзе 3 чэрвеня і будзе ўключаць у сябе фінальныя гульні, узнагароджанне пераможцаў і ўручэнне медыцынскіх сертыфікатаў бацькам дзяцей, якія атрымалі дабрачынную дапамогу.

Ілья Конанаў