Прэс-рэліз
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" гурт NaviBand прайшоў у фінал грандыёзнага песеннага форуму. А гэта значыць, што конкурсная кампазіцыя "Гісторыя майго жыцця" яшчэ раз прагучыць са сцэны Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Кіеве 13 мая.
Фінал самага маштабнага песеннага конкурсу Еўропы ў прамым эфіры будуць трансліраваць тэлеканалы медыяхолдынга "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by. Пачатак трансляцыі - 22:00.
У фінале свае песні выканаюць 26 краін: па 10 выканаўцаў з кожнага паўфіналу, арганізатары конкурсу - краіны Вялікай пяцёркі - Германія, Францыя, Італія, Іспанія і Вялікабрытанія, якія трапляюць у фінал аўтаматычна, і гаспадыня сёлетняга "Еўрабачання" Украіна.
Гурт NaviBand з беларускамоўнай кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" ў фінале 13 мая выступіць пад нумарам 3.
Сёння ў Кіеве ў артыстаў пройдуць генеральныя рэпетыцыі грандыёзнага паказу, а таксама прагон цырымоніі флагаў, з якой і адкрыецца фінальнае шоу.
Нагадаем, у фінале конкурсу галасуюць усе краіны - удзельніцы "Еўрабачання". Тэлефонныя нумары для галасавання будуць аб’яўленыя каментатарам, а таксама абазначаныя эфірнай графікай падчас прамой трансляцыі. У адпаведнасці з правіламі конкурсу, беларускія тэлегледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну.
Каменціраваць фінал галоўнага музычнага тэлевізійнага шоу Еўропы будзе журналіст Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Яўген Перлін. Вынікі галасавання ад Беларусі аб’явіць фіналістка Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013" Алёна Ланская.












