Група NaviBand выступіла на ўкраінскім нацыянальным адборы

06.02.2017
5 лютага завяршыўся візіт афіцыйнага прадстаўніка нашай краіны на Міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2017" - групы NaviBand - і творчай каманды Белтэлерадыёкампаніі ва Украіну.

Інфармацыйнае паведамленне

5 лютага завяршыўся візіт афіцыйнага прадстаўніка нашай краіны на Міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2017" - групы NaviBand - і творчай каманды Белтэлерадыёкампаніі ва Украіну.

Нагадаем, па запрашэнні арганізатараў украінскага нацыянальнага адбору беларускія ўдзельнікі "Еўрабачання-2017" у якасці спецыяльных гасцей 4 лютага выступілі ў Кіеве на канцэрце, дзе выканалі сваю конкурсную кампазіцыю "Гісторыя майго жыцця".

І гледачы, і журы адбору, у складзе якога былі Джамала, Канстанцін Меладзэ і Андрэй Данілка, сустракалі нашых артыстаў вельмі цёпла. У сваю чаргу, натхнёныя такім прыёмам, Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук выканалі перакладзены на беларускую мову куплет песні пераможца "Еўрабачання-2016" Джамалы.

Таксама падчас візіту NaviBand пагутарылі з журналістамі ўкраінскіх друкаваных і электронных СМІ, пабывалі ў тэле- і радыёэфіры.

Адзначым, што акрамя магчымасці выступіць на нацыянальных адборах у іншых краінах, Белтэлерадыёкампанія плануе ўдзел групы NaviBand ва ўсіх промаканцэртах і традыцыйных вечарынках, якія папярэднічаюць міжнароднаму конкурсу, каб кампазіцыю "Гісторыя майго жыцця" пачула як мага большая колькасць еўрапейскай публікі і замежных журналістаў, што асвятляюць тэму "Еўрабачання".

Тым часам Белтэлерадыёкампанія рыхтуе неабходны пакет дакументаў для сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачання", якая адбудзецца 13 сакавіка ў Кіеве.

Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ва ўкраінскай сталіцы з 9 па 13 мая. У форуме прымуць удзел 43 краіны.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі: "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24"