Прэс-рэліз
22 красавіка ў эфіры тэлеканала ўвазе гледачоў будзе прапанаваны чарговы выпуск праекта "Майстры і куміры", госцем якога стане народная артыстка Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля "Харошкі" Валянціна Гаявая.
Валянціна Іванаўна нарадзілася 22 ліпеня 1936 года ў гарадку Слабада-Данілаўка Сталінградскай вобласці. З дзяцінства захаплялася мастацкай самадзейнасцю, за што і атрымала мянушку Валька-артыстка. Марыла паступіць у тэатральны інстытут, аднак лёс распарадзіўся інакш - Валянціна Гаявая скончыла Маскоўскую абласную культасветшколу, а харэаграфічную адукацыю атрымала ў Ленінградзе ў Вышэйшай прафсаюзнай школе. Пазней яе запрасілі працаваць кіраўніком харэаграфічнага ансамбля "Вяснянка" аўтазавода імя Кірава ў Магілёве.
Праз некаторы час, у 1974 годзе, Валянціна Іванаўна стварыла харэаграфічны ансамбль "Харошкі", нязменным кіраўніком якога з'яўляецца і сёння. За плённую працу і творчыя дасягненні Валянціна Гаявая ўдастоена звання народнага артыста Беларусі і з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Аўтары праекта "Майстры і куміры" прапануюць гледачам адправіцца ў займальнае падарожжа па часе разам з госцяй праграмы. Выпуск будзе асабліва цікавы тым, хто захапляецца беларускімі народнымі танцамі, запэўніваюць стваральнікі.
Галоўная гераіня падзеліцца з гледачамі "Беларусь 3" успамінамі з дзяцінства і распавядзе, аб чым марыла ў тыя далёкія часы, распавядзе, адкуль бярэ пачатак назва калектыву "Харошкі". Шчырымі будуць адказы Валянціны Іванаўны на пытанні, ці жадала б яна што-небудзь змяніць у сваім лёсе.
Апроч гэтага, увазе аўдыторыі будуць прапанаваны рэдкія архіўныя кадры з фондаў Белтэлерадыёкампаніі, напрыклад, унікальны запіс 1975 года, на якім - першы склад "Харошак". Гледачы таксама ўбачаць фрагменты выступлення ансамбля ў Бельгіі (2004 г.) і Абу-Дабі (2010 г.), кадры, знятыя на рэпетыцыях калектыву (1983 г.), і шматлікія іншыя эпізоды, дзякуючы якім можна павярнуць час назад…
Выпуск праекта "Майстры і куміры" з удзелам народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаявой выйдзе на "Беларусь 3" 22 красавіка ў 19:10.













