Госць праекта "Майстры і куміры" - Леанід Дранько-Майсюк

01.12.2016
11 снежня ў эфіры сацыякультурнага канала "Беларусь 3" увазе гледачоў будзе прапанаваны  чарговы выпуск праекта "Майстры і куміры", госцем якога будзе знакаміты паэт, лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" Леанід Дранько-Майсюк.

Прэс-рэліз

11 снежня ў эфіры сацыякультурнага канала "Беларусь 3" увазе гледачоў будзе прапанаваны  чарговы выпуск праекта "Майстры і куміры", госцем якога будзе знакаміты паэт, лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" Леанід Дранько-Майсюк.

Ён нарадзіўся ў кветкавым палескім мястэчку Давыд-Гарадок і з дзяцінства назіраў за прыгожым  ва ўсіх яго праявах... Дзяцінства так паўплывала на далейшае жыццё будучага  паэта Леаніда Дранько-Майсюка, што менавіта прыгажосць і каханне сталі самымі высокімі ідэаламі і асноўным лейтматывам у яго творчасці, пра якую,  у тым ліку, і пойдзе размова ў выпуску праекта "Майстры і куміры".

Як толькі не называлі  яго калегі і журналісты - "Арфей, распяты  на струнах ліры", "Паэт, які кахае", "Галоўны Дон Жуан беларускай паэзіі"… А ён усё жыццё любіць адну жанчыну, атрымлівае асалоду ад прыгажосці беларускай мовы, прыдумляючы новыя словы для новых пакаленняў…

Яго вершы прасякнуты тонкімі музычнымі інтанацыямі, яны -  свет гармоніі і прыгажосці. Нездарма на яго словы напісана больш за 40 песень, самая вядомая з якіх  "Полька беларуская". Паказальна, што творы Леаніда Васільевіча сёння ўвасабляюць у жыццё знакамітыя музыканты, напрыклад, народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч - яны робяць яго творы  сапраўды народнымі.

Праграма з удзелам Леаніда Дранько-Майсюка будзе напоўнена ўспамінамі, якія прагучаць з першых вуснаў. Напрыклад, паэт распавядзе тэлегледачам пра тое, як працаваў з кампазітарамі Ігарам Паліводам, Леанідам Захлеўным, Эдуардам Зарыцкім, Ігарам Лучанком.

Апроч таго, у выпуску пойдзе размова аб сям'і Леаніда Васільевіча і яго бацьках. У тэлеаўдыторыі будзе ўнікальны шанц пачуць адкрыцці госця. Так, адзін з кранальных аповедаў – пра тое, што мама знайшла маленькага Леаніда не ў капусце, а ў кветках, і з дзяцінства галоўнымі яго цацкамі былі кветкі, якія ў вялікай колькасці раслі ў агародзе ля дома...

У эфіры таксама прагучаць і іншыя гісторыі з біяграфіі паэта: пра вучобу ў Літінстытуце ў Маскве, знаёмства з цікавымі людзьмі, сяброўства з вядомым пісьменнікам, паэтам і драматургам Уладзімірам Караткевічам.

Выпуск праекта "Майстры і куміры" выйдзе ў эфір тэлеканала "Беларусь 3" у нядзелю, 11 снежня, у 12:10.