Прэс-рэліз
3 сакавіка ў 11:20 у эфіры галоўнага канала краіны стартуе пяты юбілейны сезон праекта "Дача" вытворчасці ТРК "Магілёў". Нязменны дуэт "дачнікаў" у асобе вядучай Таццяны Ларынай і тэлеаператара Юрыя Аўласцова працягвае падарожнічаць па Беларусі і распавядаць аб асаблівасцях загараднага жыцця.
Збіраем рыдлёўкі, вілы, матыкі, культыватары, ставім на паўзу мітусню гарадоў - і едзем на дачу! У кампаніі са здымачнай групай кожная ТБ-паездка будзе сапраўдным святам.
Любімая праграма ўсіх земляробаў - ізноў у эфіры "Беларусь 1". У кожным выпуску яе аўтары сустракаюцца са спецыялістамі ў профільнай сферы, дзеляцца карыснай інфармацыяй, матывуюць уладальнікаў прысядзібных участкаў на новыя здзяйсненні і натхняюць на самыя незвычайныя эксперыменты. За чатыры гады праект стаў сапраўднай энцыклапедыяй саду і гароду.
Таццяна Ларына з месца падзей распавядае пра нюансы вядзення загараднай гаспадаркі. А яе памочнікі - навукоўцы і селекцыянеры - даюць каштоўныя рэкамендацыі і парады, дапамагаюць разабрацца ў правільным доглядзе раслін, найлепшых угнаеннях, закладцы кампостаў, нарыхтоўцы насення. У госці да вядучай завітваюць сапраўдныя дачнікі-энтузіясты, якія на сваіх участках вырошчваюць не толькі агурочкі-памідорчыкі, але і бананы, персікі, абрыкосы, капусту раманеска, кавуновую радыску.
Акцэнт у юбілейным сезоне робяць на карысных тэматычных блоках "Месяцавы календар" і "Няма праблем". Адна з асноўных мэт праграмы - абудзіць у дачнікаў упэўненасць у дасягненні пастаўленых мэт. Кожны знойдзе тут цікавую і актуальную для сябе інфармацыю.
Самыя дапытлівыя змогуць праверыць сваю эрудыцыю ў новай забаўнай рубрыцы-віктарыне - серыі фатаграфій распаўсюджаных у свеце і малавядомых у Беларусі гатункаў раслін. А пасля паслухаць пра дзівы і, магчыма, паспрабаваць вырасціць іх на сваім участку.
Нагадаем, упершыню праект "Дача" выйшаў у эфір "Беларусь 1" увесну 2014. На працягу чатырох дачных сезонаў (вясна-лета-восень) чароўная вядучая Таццяна Ларына нястомна працавала на градках, даглядала сад, вырошчвала кветкі, дзялілася каштоўнай інфармацыяй. Праграма стала добрым памочнікам для беларускіх дачнікаў, бо не сакрэт, што для многіх класічныя 6 сотак - гэта не проста хатка ў вёсцы, гэта - філасофія жыцця!
"Дачны" сезон - 2018 "Беларусь 1" адкрые 3 сакавіка ў 11:20.













