"Гісторыя міліцыі ў асобах" - прэм'ера на "Беларусь 1"

11.01.2017
16 студзеня ў 21:45 у эфіры "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ера маштабнага праекта, прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі, - 8-серыйнага дакументальнага фільма "Гісторыя міліцыі ў асобах". 

Прэс-рэліз

16 студзеня ў 21:45 у эфіры "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ера маштабнага праекта, прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі, - 8-серыйнага дакументальнага фільма "Гісторыя міліцыі ў асобах". Гэта сумесная праца творчай групы Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

"Гісторыя міліцыі ў асобах" у васьмі серыях пакажа рэальнае жыццё беларускай міліцыі, распавядзе пра канкрэтныя лёсы і подзвігі цэлага стагоддзя. Дакументальны цыкл будзе дэманстравацца раз на тыдзень, а заключную серыю тэлегледачы ўбачаць 4 сакавіка - у Дзень беларускай міліцыі.

Першая серыя "Гісторыі міліцыі ў асобах" прысвечана падзеям 1917 -  1941 гг. Нягледзячы на фота- і кінадакументы ў архівах, пра гэты перыяд даваеннай гісторыі вядома нямнога, і аўтарам праекта давялося папрацаваць, каб узнавіць рэальную карціну таго часу. Факты, выкарыстаныя ў фільме, пераправяраліся гісторыкамі Акадэміі МУС. У выніку гледачы ўбачаць рэканструкцыю рэальных падзей, у тым ліку штурм будынка паліцыі народнай міліцыяй на чале з таварышам Фрунзэ, прысягу супрацоўнікаў мінскай міліцыі і жыццё горада ў тыя складаныя для беларускіх вартавых парадку дні.

"Над "Гісторыяй міліцыі ў асобах" працавала вялікая каманда сцэнарыстаў, рэжысёраў, тэлеаператараў, мастакоў-пастаноўшчыкаў, стылістаў… У здымках удзельнічалі прафесійныя акцёры і масоўка, выкарыстоўваліся зброя і форма, што адпавядалі таму або іншаму перыяду часу. Можна сказаць, што атрымалася цалкам мастацкае кіно, якое будзе цікава самай шырокай  аўдыторыі гледачоў", - адзначае Руслан Туркоў, аўтар 3-х серый дакументальнага цыкла "Гісторыя міліцыі ў асобах".

16 студзеня адразу пасля "Панарамы" адбудзецца тэлевізійная прэм'ера праекта. Гледачы "Беларусь 1" убачаць яркія і запамінальныя кадры "Гісторыі міліцыі ў асобах".