Інфармацыйнае паведамленне
Дату і месца правядзення Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" першымі даведаюцца гледачы штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы Агенцтва тэленавін "Галоўны эфір". У праграме таксама будзе паказаны лагатып і агучаны слоган форуму.
Нагадаем, на адрас адкрытага конкурсу распрацоўкі сімволікі для дзіцячага "Еўрабачання-2018", праведзенага Белтэлерадыёкампаніяй у канцы мінулага года, паступіла больш за 300 электронных і паштовых лістоў з розных краін. Згодна з умовамі конкурсу, кожны, хто жадаў, мог прапанаваць для песеннага еўрапейскага форуму ўласныя праекты па дызайне лагатыпа, а таксама яркі дэвіз на англійскай мове.
Самыя арыгінальныя ідэі былі адпраўлены ў Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (ЕВС), які вызначыў лепшую работу. Журналісты АТН сустрэліся з пераможцам, і ў "Галоўным эфіры" будзе паказана работа дызайнера, а таксама эксклюзіўнае інтэрв'ю з яе аўтарам.
Наглядальны савет "Еўрабачання" падчас візіту ў Мінск 13 лютага высока ацаніў працу, праведзеную Белтэлерадыёкампаніяй у рамках падрыхтоўкі да форуму і ў дачыненні да распрацоўкі канцэпцыі і ідэі шоу. Тады ж прадстаўнікі наглядальнага савета наведалі гасцінічны комплекс "Прэзідэнт-Гатэль", выставачны цэнтр "БелЭкспа", які разглядаўся ў якасці месца ўрачыстага адкрыцця форуму, і "Мінск-Арэну" як адну з пляцовак для правядзення самога песеннага конкурсу.
Па выніках візіту было вызначана, што ў "Прэзідэнт-Гатэлі" размесціцца "Еўраклуб" і будуць пражываць дэлегацыі ўдзельнікаў.
У нядзелю, 18 сакавіка, у 21:00 вядучыя "Галоўнага эфіру" на "Беларусь 1" назавуць запаветную дату конкурсу і пляцоўку, якую выбралі для правядзення дзіцячага "Еўрабачання-2018".
Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі ў лістападзе. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).












