Інфармацыйнае паведамленне
14 студзеня адзначае 70-гадовы юбілей галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" і вядомы пісьменнік Навум Гальпяровіч.
Навум Гальпяровіч пачынаў сваю кар'еру на Беларускім радыё ў якасці ўласнага карэспандэнта па Віцебскай вобласці. Сёння Навум Якаўлевіч кіруе Галоўнай дырэкцыяй міжнароднага вяшчання Беларускага радыё, і ён па-ранейшаму поўны крэатыўных ідэй, а яго жыццёвай і творчай энергіі пазайздросцяць многія, у тым ліку і маладыя калегі.
Ужо 13 гадоў Навум Гальпяровіч - дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь", якое піша жывую гісторыю нашай краіны з яе непаўторнымі рысамі, цудоўным і мудрым народам. Навум Гальпяровіч з'яўляецца стваральнікам і ідэйным натхніцелем радыёпраектаў "Штрыхі", "Беларусь ад А да Я" і многіх іншых, а праграма "Зямля, што нам дадзена лёсам" з'яўляецца сапраўдным доўгажыхаром: яна выходзіла ў эфір 8 гадоў запар - важкі паказчык якасці, значнасці і любові слухачоў.

Сярод іншых праектаў любімым застаецца і радыёблог Навума Гальпяровіча "Роздум" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Дарэчы, юбіляр прыклаў руку і да многіх тэлевізійных праектаў, а ў праграме "Дыяблог пра мову" на канале "Беларусь 3" ён выступіў і ў якасці тэлевядучага.
Літаратурны дэбют маладога паэта Навума Гальпяровіча адбыўся ў 1967 годзе ў наваполацкай газеце "Химик". Сёння на рахунку мэтра больш за дзясятак кніг, яго творы перакладзеныя на польскую, румынскую, балгарскую, рускую, англійскую і іншыя мовы. Яго песні гучаць у выкананні многіх бардаў. Музыку на вершы Навума Гальпяровіча напісалі кампазітары Эдуард Зарыцкі, Уладзімір Буднік, Валерый Іваноў, Алег Елісеенкаў, Алег Сямёнаў і інш.
У свой час Навум Гальпяровіч скончыў Віцебскі педагагічны інстытут, а зараз сам выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ на кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры.
Многія навучэнцы ідуць па слядах мудрага настаўніка, і нават яго студэнты з КНР прыходзяць працаваць на міжнароднае радыё "Беларусь", каб расказаць пра нашу краіну кітайскім слухачам.

Навум Якаўлевіч умее заразіць сваёй любоўю да Зямлі пад белымі крыламі і беларускага народа. Многія з тых, каму выпаў шанц папрацаваць пад яго кіраўніцтвам, пасля самі сталі вядомымі тэле- і радыёвядучымі.
Пра значны ўклад Навума Гальпяровіча ў культуру Беларусі, пра яго плённую творчую дзейнасць і высокі прафесіяналізм сведчыць шэраг узнагарод, сярод якіх медаль Францыска Скарыны, але самай галоўнай узнагародай, згодна са словамі пісьменніка і журналіста, з'яўляецца яго сям'я. Дзеці Навума Якаўлевіча пайшлі па слядах бацькі ў прафесіі, а ўнук - уцеха для знакамітага дзядулі.
Творчы калектыў і кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі шчыра віншуюць Навума Якаўлевіча Гальпяровіча з юбілеем, жадаюць моцнага здароўя, даўгалецця і поспехаў, якімі будуць радаваць родныя і блізкія!












