Галерэя лёсаў савецкага часу на “Беларусь 3”

17.01.2017
На “Беларусь 3” стартуе новая лінейка біяграфічных серыялаў. З аўторка па пятніцу ў 8:20 і 18:40 канал прапануе гледачам узгадаць жыццёвы лёс вядомых дзеячаў савецкай эпохі: палітыкаў, артыстаў, пісьменнікаў.

Прэс-рэліз

17 студзеня ў эфіры канала “Беларусь 3” стартуе новая лінейка біяграфічных серыялаў. З аўторка па пятніцу ў 8:20 і 18:40 сацыякультурны канал прапануе гледачам узгадаць жыццёвы лёс вядомых дзеячаў савецкай эпохі: палітыкаў, артыстаў, пісьменнікаў.

Распачне паказ біяграфічных серыялаў 12-серыйная кінастужка “Фурцава” (Расія, 2011) пра жыццё Кацярыны Фурцавай, якая прайшла шлях ад вясковай “папялушкі”-ткачыхі да “гаспадыні Масквы”, члена ўрада, міністра культуры. Праца і кар’ера, што забіраюць усё дашчэнту, і простае жаночае шчасце; імкненне да ўлады і жаданне кахаць; прызванне быць лідарам, незалежнасць, рашучасць і пачуцці сапраўднай жанчыны, чуллівай жонкі і клапатлівай маці - усё гэта дзіўным чынам спалучылася ў адной асобе. Кацярына Аляксееўна Фурцава - адзіная жанчына, якая дасягнула вяршынь улады ў СССР. Яе жыццё было багатым на падзеі, а яе смерць  настолькі загадкавая, што сапраўдную біяграфію Фурцавай сёння складана аддзяліць ад чутак, плётак і легендаў. Першую серыю гледачы “Беларусь 3” убачаць 17 студзеня ў 8:20 і 18:40.

Эстафету ў серыяла “Фурцава” прыме не менш захапляльны 12-серыйны фільм “Кураж” (Расія, 2014). Гэтая стужка прысвечана пачатку кар’еры Прымадонны на савецкай эстрадзе ў 1970-я. Перспектыўны рэжысёр “Масфільма” Алекс знаёміцца з маладой, вельмі таленавітай і амбіцыйнай спявачкай Галай, якой трэба, як кажуць, дапамагчы прабіцца. І Алекс прыдумляе для раскруткі Галы неверагодныя трукі, якія яна артыстычна пераносіць са сцэны ў жыццё...

Далей гледачы сацыякультурнага канала ўбачаць 11-серыйную кінакарціну “Ясенін” (Расія, 2005). Фільм, заснаваны на рэальных фактах і вялікай колькасці дакументальных, архіўных і фотаілюстрацыйных матэрыялаў, з’яўляецца спробай разгледзець адну з версій трагічнай гібелі вялікага рускага паэта Сяргея Ясеніна. Дзеянне карціны разбіваецца на два часавыя перыяды: гісторыя пачынаецца ў 1980-я гады, а пасля пераносіцца ў 1920-я. Апошнія гады жыцця генія - гэта свет скандаліста і бунтара і пры гэтым таленавітага паэта, які валодаў выключнай здольнасцю прадбачыць будучыню, яго адносіны з уладай, з сябрамі, з жанчынамі...

Яшчэ адным біяграфічным серыялам на канале “Беларусь 3” стане 8-серыйная стужка “Зоя” (Расія, 2010). Карціна распавядае пра трагічны лёс Зоі Фядотавай, прататыпам якой стала вядомая савецкая актрыса Зоя Аляксееўна Фёдарава. Дзеянне серыяла “Зоя” пачынаецца ў 1981 годзе, калі 10 снежня Маскву ўзрушыла страшная навіна: актрыса Зоя Фядотава знойдзена забітай ва ўласнай кватэры.

Расследаванне гэтага злачынства даручана двум следчым МУС -  капітану Сарокіну і маёру Пыльнову. Яны разумеюць, што прычыны забойства неабходна шукаць у мінулым актрысы. Каб раскрыць гэтую няпростую справу, следчыя накіроўваюцца ў архівы КДБ. Там яны падрабязна знаёмяцца са “Справай Зоі Фядотавай”. Перад вачыма аператыўнікаў праходзіць усё жыццё артысткі з 1927 года, калі дзяўчыне было васямнаццаць.

Дзеянне карціны ахоплівае пяць дзесяцігоддзяў. Цікава, што на працягу ўсяго серыяла галоўную ролю выконвае Ірына Пегава: дзякуючы прафесіяналізму грымёраў яна змагла ўвасобіць на экране і школьніцу старэйшых класаў, і ўжо састарэлую Зою Фядотаву напярэдадні гібелі. Дарэчы, здымкі гэтага серыяла доўжыліся амаль год.