Інфармацыйнае паведамленне
Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". 27 лютага завяршылася афіцыйная фотасесія прадстаўніка нашай краіны на папулярным песенным форуме - групы NAVIBAND.
Здымкі нашых артыстаў праходзілі ў адной са сталічных фотастудый і ў этнаграфічным комплексе "Заслаўе" пад Мінскам.
Для вобразаў Арцёма і Ксеніі былі скарыстаныя як нацыянальныя касцюмы, так і сучасныя паўсядзённыя ўборы, у якія таксама інтэграваныя беларускія арнаменты і ўзоры. Дарэчы, у маі нашы ўдзельнікі цалкам змогуць хадзіць у іх па Кіеве і прадстаўляць тым самым частку нашай беларускай культуры.
Апроч таго, для фотасесіі была задзейнічаная Біблія Францыска Скарыны з архіва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Рарытэтны экзэмпляр музыкантам дазволілі патрымаць у руках усяго некалькі хвілін.
Атрыманыя фотаздымкі будуць скарыстаныя ў першую чаргу для таго, каб паказаць групу NAVIBAND ва ўсіх міжнародных афіцыйных выданнях "Еўрабачання", інфармацыйных буклетах, сайтах, сацмедыя і г. д., а таксама для афармлення еўравізійнай промапрадукцыі калектыву.
Тым часам Белтэлерадыёкампанія рыхтуе неабходны пакет дакументаў для сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне", якая адбудзецца 13 сакавіка ў Кіеве.
У планах жа ў нашых артыстаў - завяршыць працу над аранжыроўкай конкурснай песні і паказаць тую версію "Гісторыі майго жыцця", якая прагучыць 11 мая са сцэны "Еўрабачання".
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ва ўкраінскай сталіцы з 9 па 13 мая. У форуме возьмуць удзел 43 краіны.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".













