Фотаконкурс радыё "Беларусь" "Мая кніга для ўсяго свету" працягваецца

13.03.2017
У конкурсе фотаработ "Мая кніга для ўсяго свету", аб’яўленым у лютым міжнародным радыё "Беларусь" і прымеркаваным да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, за першы месяц яго правядзення прынялі ўдзел слухачы з краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. 

Інфармацыйнае паведамленне

У конкурсе фотаработ "Мая кніга для ўсяго свету", аб’яўленым у лютым міжнародным радыё "Беларусь" і прымеркаваным да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, за першы месяц яго правядзення прынялі ўдзел слухачы з краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. Паступаюць работы таксама і ад беларусаў. Арганізатары праекта адзначаюць, што большасць дасланых фатаграфій суправаджаецца тэкставымі каментарыямі, што, вядома ж, павышае шанцы прэтэндэнтаў на перамогу.

У прыватнасці, Яраслаў Енджэйчак з Польшчы, які даслаў свой фотапартрэт з любімай кнігай - паэмай Якуба Коласа "Новая зямля", тлумачыць свой выбар тым, што "гэта паэтычны шэдэўр не толькі беларускай літаратуры. Якуб Колас пра свой твор гаварыў: "Думаецца, славянскія народы прачытаюць паэму з цікавасцю". Менавіта таму я як паляк, славянін выбраў гэты шэдэўр беларускага творцы".

Выкладчык Махеш Джэйн з Індыі, вырашыўшы ўдзельнічаць у конкурсе, даведаўся, што ў 2017 годзе святкуецца 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. У тым ліку дзякуючы і Беларусі свет атрымаў найдасканалейшыя творы літаратуры ў выглядзе кніг, адзначыў канкурсант і падзяліўся гісторыяй кнігадрукавання ў сваёй краіне - Індыі. Кніга, якой захапляецца Махеш Джэйн, - "Алхімік" Паўла Каэлья. "Мне яна падабаецца сваім пасылам, што за скарбамі не трэба ганяцца, іх можна лёгка знайсці ў сябе дома. Аўтар заклікае даследаваць свой унутраны свет і не прапускаць знакаў, якія падносіць нам жыццё, ісці па шляху свайго сэрца".

Характэрна, што і зусім юныя слухачы ахвотна дзеляцца гісторыямі пра сваю любімую кнігу. Прыклад - 10-гадовая Анастасія Зімянкова з Беларусі: "Мая любімая кніга - "Дзяніскавы апавяданні" Віктара Драгунскага. У ёй - самыя незвычайныя і займальныя гісторыі, добрыя і павучальныя. "Гэта кніга нашага дзяцінства", - сказалі мае бацькі. Я вельмі люблю чытаць!"

Прыемна, што Нгуэн Тан Там з В'етнама, Хамзаві Махмуд з Егіпта і шматлікія іншыя ўдзельнікі конкурсу дзякуюць радыё "Беларусь" за магчымасць распавесці слухачам з розных краін пра свае любімыя кнігі, а таксама даведацца пра традыцыі кнігадрукавання ў іншых кутках планеты.

Як адзначыў галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч, конкурс "Мая кніга для ўсяго свету" закліканы падкрэсліць ролю кнігі ў жыцці сучаснага чалавека і разнастайнасць сусветнай літаратурнай палітры, а таксама спрыяць знаёмству з гісторыяй і культурай Беларусі.

Нагадаем, што для ўдзелу ў праекце трэба да 30 красавіка даслаць на электронную пошту booksgoglobal@gmail.com фота са сваёй любімай кнігай і тэкставы каментарый. У спецыяльным раздзеле #booksgoglobal на сайце радыё "Беларусь" www.radiobelarus.tvr.by працягваецца інтэрнэт-галасаванне за дасланыя работы. Там жа можна падрабязней азнаёміцца з умовамі конкурсу.

Здымак можа быць у выглядзе сэлфі або ў любым іншым фармаце. Вітаецца арыгінальнасць і крэатыўнасць удзельнікаў.