Прэс-рэліз
14 і 15 чэрвеня тэлеканал "Беларусь 3" пакажа чатырохсерыйны фільм рэжысёра Сяргея Шульгі "Талаш", падчас прагляду якога з'явіцца магчымасць уключыць функцыю схаванага субцітравання.
У сераду, 14 чэрвеня, гледачы ўбачаць дзве першыя серыі гістарычнай драмы, знятай паводле аповесці Якуба Коласа "Дрыгва".
Падзеі разгортваюцца на беларускіх землях у канцы 1919 года. Актыўна мянялася ўлада, а грамадзянская вайна ўшчыльную падабралася да міралюбнай краіны. Практычна кожная сям'я трапіла ў жорны гістарычных падзей. Васілю Талашу было далёка за семдзесят, калі бяда напаткала яго сям'ю. Дзед Талаш узяў у свае рукі зброю зусім не па палітычных перакананнях: яго роднаму сыну пагражала вялікая небяспека, і толькі ён мог яму дапамагчы. У бязвыхаднай сітуацыі, калі дзіця трапіла ў рукі да палякаў, бацька адпраўляецца шукаць падтрымкі ў бальшавікоў…
Як аўтар сцэнарыя, Сяргей Шульга надаў сучаснае гучанне палітычным адносінам паміж героямі фільма - байцамі Чырвонай арміі і палешукамі, польскімі легіянерамі і мясцовым насельніцтвам, шляхтай і простымі сялянамі. У фільме паралельна развіваецца некалькі ліній, сюжэт складаны і часам заблытаны, але таму становіцца яшчэ больш цікавым і захапляльным.
Галоўная роля - у непаўторнага Генадзя Гарбука, які сыграў у такіх вядомых і любімых многімі кінастужках, як "Брэсцкая крэпасць", "Белыя Росы", "На безыменнай вышыні". Пад яго, па сутнасці, і пісаўся сцэнарый. Са знакамітых артыстаў у карціне здымаюцца Генадзь Аўсяннікаў, Аўгусцін Мілаванаў, Зінаіда Зубкова, Ніна Разанцава, Аляксандр Ткачонак, Таццяна Андросава. З маладых акцёраў можна адзначыць Паўла Харланчука, Анастасію Баброву, Дзяніса Паршына, Андрэя Сенькіна, Алену Дуброўскую, Валерыя Зяленскага, Анатоля Голуба.
Усе чатыры серыі аб гісторыі Васіля Талаша можна будзе ўбачыць на тэлеканале "Беларусь 3" 14 і 15 мая двойчы за дзень - у 17:10 і 21:45. Фільм будзе выходзіць са схаванымі субцітрамі, якія любы тэлеглядач зможа як актываваць, так і адключыць.
Нагадаем, што з 23 мая сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" першым пачаў выкарыстоўваць схаваныя субцітры ў адпаведнасці з праектам пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб зацвярджэнні нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025". У далейшым функцыя схаванага субцітравання з'явіцца ў эфіры ўсіх тэлеканалаў медыяхолдынга.












