Фільм-прысвячэнне "Аляксандру Ціхановічу…"

12.07.2017
13 ліпеня народнаму артысту Беларусі Аляксандру Ціхановічу споўнілася б 65 гадоў. Тэлеканалы медыяхолдынга, з цеплынёй і падзякай успамінаючы яго, падрыхтавалі тэматычныя канцэртныя праграмы, а таксама дакументальны фільм "Аляксандру Ціхановічу…" 

Інфармацыйнае паведамленне

13 ліпеня народнаму артысту Беларусі Аляксандру Ціхановічу споўнілася б 65 гадоў. Тэлеканалы медыяхолдынга, з цеплынёй і падзякай успамінаючы яго, падрыхтавалі тэматычныя канцэртныя праграмы, а таксама дакументальны фільм "Аляксандру Ціхановічу…"

У дзень нараджэння вялікага артыста ў эфіры "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пакажа вялікае 39-хвіліннае дакументальнае кіно, прысвечанае Аляксандру Ціхановічу. У гэтым фільме-ўспаміне журналісты АТН раскажуць малавядомыя факты пра яго жыццё і творчасць.

"Аляксандр Ціхановіч - фігура вельмі загадкавая для ўсіх. Ёсць шмат недагаворанага, у тым ліку і з нашага боку - журналістаў. Мы бачым паверхню кар'еры - ашаламляльны поспех, але не ўсё так было гладка і ў "Верасоў", і ў самога Ціхановіча. Ёсць такія рэчы, якія ён прамаўляў з нейкім постскрыптумам: "пакуль не для друку", "пакуль не для прэсы", "я думаю, потым…". І вось гэта "потым", як мне здаецца, ужо настала", - адзначыў адзін з аўтараў фільма-настальгіі "Аляксандру Ціхановічу…" Міхаіл Равуцкі.

Фільм-прысвячэнне "Аляксандру Ціхановічу…", падрыхтаваны Агенцтвам тэленавін, гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць у чацвер у 19:20 перад "Панарамай".

13 ліпеня ў 12:45 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа канцэрт Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай "Каханне і лёс". Вядомыя песні ў выкананні любімых артыстаў упрыгожаць эфір сацыякультурнага канала.

16 ліпеня ў 19:00 "Беларусь 3" прапануе ўвазе гледачоў канцэртную праграму "Аляксандру Ціхановічу прысвячаецца...". Канцэрт будзе запісаны Белтэлерадыёкампаніяй у рамках XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", на якім штогод Аляксандр Ціхановіч святкаваў свой дзень нараджэння.