Прэс-рэліз
Днямі ў Цэнтральнай канцэртнай зале Кубанскага казацкага хору адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця XVIII Кубанскага фестывалю праваслаўных фільмаў “Вечавы звон”, падчас якой рэжысёр дакументальных фільмаў, прадзюсар тэлеканала “Беларусь 3” Сяргей Кацьер атрымаў чарговую ўзнагароду. Гэтым разам адзначылі яго хранікальна-дакументальную стужку “Вяртанне” ў намінацыі “Лепшы патрыятычны фільм”.
Фестываль “Вечавы звон” знаёміць гледачоў з фільмамі, якія падымаюць вострыя філасофскія, маральныя праблемы, а таксама спрыяе ўмацаванню духоўных і сямейных каштоўнасцей. Асаблівую ўвагу гледачоў звычайна прыцягваюць фільмы ваенна-гістарычныя, якія выхоўваюць юнае пакаленне ў духу патрыятызму і грамадзянскасці.
Сёлета форум, які традыцыйна ладзіцца ў Краснадары, выйшаў за рамкі сталіцы. Цёпла і па-кубанску гасцінна гасцей форуму сустракалі ў гарадах і станіцах краю, дзе ўсе ахвотнікі маглі сустрэцца з майстрамі кінематографа падчас творчых імпрэз.
Усяго на конкурсным праглядзе было прадэманстравана 150 аўтарскіх работ з Беларусі, Расіі, Украіны і Сербіі, сярод якіх, дарэчы, толькі фільм Сяргея Кацьера быў прэм’ерным - астатнія ўжо былі адзначаны ўзнагародамі розных кінафестываляў.
“Так, гэта быў дэбют фільма. Я хацеў паказаць гледачам карціну - памяць пра вайну, але больш - пра мір... Для мяне, як для аўтара і рэжысёра, вельмі важна, каб работа знайшла адбітак у сэрцах людзей, закранула іх пачуцці, выклікала эмоцыі - так і адбылося. Я прысутнічаў на паказах “Вяртання” ў розных станіцах Краснадарскага краю, бачыў, як людзі рэагавалі - яны плакалі. Здавалася б, простая гісторыя, а кранула ўсіх - гэта для мяне бясцэнна. Ведаеце, у рэжысёраў прынята так гаварыць: фільм нараджаецца тры разы. Першы - падчас напісання сцэнарыя, другі - калі скончана над ім праца. А вось калі работа дэманструецца гледачам - гэта той момант, калі фільм альбо прымаецца, альбо не. Стужка “Вяртанне” знайшла водгук у гледачоў, фільм зажыў сваім жыццём”, - падзяліўся эмоцыямі пасля фестывалю Сяргей Кацьер.
У выніку па рашэнні прафесійнага журы ХVIII Кубанскага фестывалю праваслаўных фільмаў “Вечавы звон” аўтарская работа Сяргея Кацьера “Вяртанне” была названа “Лепшым патрыятычным фільмам”.
Дарэчы, на форуме прысутнічалі прадстаўнікі іншых кінафестываляў, якія пажадалі ўключыць стужку “Вяртанне” і ў свае конкурсныя праграмы. Таму, магчыма, хутка можна будзе зноў павіншаваць Сяргея Галіевіча з чарговай прэміяй якога-небудзь прэстыжнага кінафестывалю, якая папоўніць творчую скарбонку Белтэлерадыёкампаніі.
Нагадаем, прэм’ера хранікальна-дакументальнага фільма “Вяртанне” была паказана ў тэлеэфіры “Беларусь 3” у канцы верасня. Праз трагічную гісторыю галоўнага героя стужкі лётчыка Мікалая Пшонкі і яго пасмяротнага вяртання на Радзіму аўтар фільма звяртаецца да вечных каштоўнасцей - вернасці і адданасці сваёй справе, мужнасці і чалавечнасці, духоўнай цэласнасці.













