Прэс-рэліз
Сёння Еўрапейскі Вяшчальны Саюз і наглядальны савет Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне", у склад якога ўваходзяць і прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, адобрылі заяўку Украіны на ўдзел у самым папулярным у Еўропе песенным конкурсе.
Нагадаем, раней у Кіеве заявілі аб адмове ад удзелу ў дзіцячым "Еўрабачанні-2018" з прычыны фінансавых цяжкасцей.
Аднак пасля афіцыйнага апублікавання 25 ліпеня спісу з 19 краін, якія пажадалі адправіць сваіх канкурсантаў у Мінск, у Еўрапейскі Вяшчальны Саюз паступіла заяўка з Украіны.
"Удвая прыемная навіна. Па-першае, мы рады, што наша паўднёвая суседка прыме ўдзел у конкурсе - там вельмі падрыхтаваныя дзеці, і гэта вялізная аўдыторыя гледачоў; па-другое, мы сталі ўладальнікамі рэкорду дзіцячага "Еўрабачання", сабраўшы заяўкі ад 20 краін. Падрыхтоўка да конкурсу ідзе поўным ходам, праўда, прыйдзецца ўнесці карэктывы ў некаторыя элементы. Мы не сумняваліся, што збяром максімальныя 18 краін, з гэтага і вынікала агульная канцэпцыя, але нас стала больш. Дадалося трохі клопатаў, зрэшты, прыемных", - адзначыў Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі, генеральны прадзюсар дзіцячага "Еўрабачання-2018".
Нагадаем, раней свой удзел у цяперашнім форуме пацвердзілі Албанія, Арменія, Аўстралія, Азербайджан, Беларусь, Францыя, Македонія, Грузія, Ірландыя, Ізраіль, Італія, Казахстан, Мальта, Польшча, Партугалія, Расія, Сербія, Нідэрланды, Уэльс. Дарэчы, Казахстан і Уэльс удзельнічаюць у конкурсе ўпершыню.
Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі ў лістападзе. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).













