Дзіцячае "Еўрабачанне-2018": Light Up! новыя зоркі!

19.03.2018
Белтэлерадыёкампанія паказала арыгінальны лагатып і слоган дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018"!

Прэс-рэліз

Белтэлерадыёкампанія паказала арыгінальны лагатып і слоган дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018"!

Краіна - гаспадыня дзіцячага "Еўрабачання" выбірае сваю сімволіку - лагатып і запамінальны слоган, якія павінны стаць візітнай карткай і адметнай рысай форуму. Як правіла, графічна аформлены лагатып складаецца з індывідуальнага сімвала шоу і агульнага для ўсіх краін тэксту, напісанага арыгінальным шрыфтам Junior Eurovision.

Light Up!Лагатып дзіцячага "Еўрабачання-2018" уяўляе сабою ўзыходзячую зорку, выкананую ў выглядзе перавернутых вертыкальна гукавых хваль у стылістыцы беларускага нацыянальнага арнаменту. Аўтар работы - дызайнер і адданы фанат конкурсу "Еўрабачанне" Максім Букас. Менавіта сімвал "Зорка" (слоган "Запальвай!"), на думку Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, стаў лепшым сярод больш як 300 работ, якія паступілі ў адрас творчага конкурсу ідэй на распрацоўку лагатыпа і слогана цяперашняга дзіцячага конкурсу песні.

Паводле слоў самога дызайнера, крыніцай натхнення для яго стаў твор "Зорка Венера" Максіма Багдановіча, які ўвайшоў у нашу літаратуру як сучасны малады еўрапейскі паэт. Юныя ўдзельнікі конкурсу таксама прыедуць у Беларусь, каб гучна заявіць пра сябе і яркай зоркай пачаць свой творчы шлях на песенны небасхіл. Сугучным лагатыпу стане і слоган Light Up! ("Запальвай!").

Неўзабаве сімволіка дзіцячага "Еўрабачання-2018" з'явіцца на сувенірах, упрыгожыць транспарт і білборды ў беларускай сталіцы.

На падставе лагатыпа будзе рыхтавацца дызайн сцэны, макет галоўнай канцэртнай пляцоўкі, дызайн усіх дапаможных памяшканняў, дзе будуць знаходзіцца дэлегацыі, валанцёры, прэс-цэнтр. Сімволіка дзіцячага "Еўрабачання-2018" будзе выкарыстоўвацца для актыўнай папулярызацыі конкурсу ў Беларусі і за межамі.

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе 25 лістапада. Запальвацца маладыя зоркі будуць у спартыўным комплексе "Мінск-Арэна", які ўжо прымаў песенны форум у 2010 годзе і адпавядае ўсім патрабаванням правядзення і здымак тэлевізійнага праекта.

Таксама канчаткова зацверджаны месцы пражывання краін-дэлегацый і цырымоніі адкрыцця. Размесцяцца ўдзельнікі ў пяцізоркавым гасцінічным комплексе "Прэзідэнт-Гатэль", а чырвоная дарожка ўрачыстага адкрыцця форуму з'явіцца ў выставачным цэнтры "БелЭкспа".

Тым часам Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да конкурсу. У медыяхолдынгу распрацоўваецца сацыяльная праграма для ўдзельнікаў, у найбліжэйшых планах - кастынг вядучых шоу і набор валанцёраў.

27 сакавіка ў Мінск прыбудзе адзін з тэхнічных дырэктараў ЕВС, які неаднаразова працаваў на дарослым "Еўрабачанні". Разам з камандай вяшчальніка ён наведае "Мінск-Арэну", каб больш дбайна распрацаваць канцэпцыю музычнага свята кантынента.

Нагадаем, арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).