Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" - час запальваць новыя зоркі!

19.11.2018

Прэс-рэліз

Сёння ў Мінску ўрачыстая цырымонія адкрыцця дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" дасць старт вялікаму еўратыдню. Тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама Першы канал Беларускага радыё прапануюць аўдыторыі медыяхолдынга штодзённыя дзённікі "Еўрабачання", насычаныя навінавыя сюжэты і прамыя ўключэнні, а таксама жывую трансляцыю галоўнай падзеі форуму - фінальнага канцэрта дзіцячага "Еўрабачання-2018" на "Мінск-Арэне".

На працягу ўсяго тыдня для юных артыстаў і дэлегацый у сталічным гасцінічным комплексе "Прэзідэнт-Гатэль", акрамя камфортных умоў для пражывання, будзе арганізаваны еўрадом - свабодная прастора, дзе канкурсанты змогуць з карысцю бавіць час, завесці новых сяброў і папрактыкавацца ў розных творчых занятках.

Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў (запіс візітовак, рэпетыцыі, тэлевізійныя здымкі, прэс-канферэнцыі), удзельнікаў форуму чакае экскурсійная праграма. Так, 22 і 23 лістапада дэлегацыі наведаюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які выкарыстоўвае ў экспазіцыях сучасныя тэхналогіі і ведае, чым захапіць падлеткавую аўдыторыю. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі цэлую праграму мерапрыемстваў на англійскай мове. У сценах музея дзеці паспрабуюць стравы нацыянальнай беларускай кухні, пазнаёмяцца з народнымі песнямі і танцамі, а таксама створаць вырабы сваімі рукамі, якія змогуць забраць з сабой.

Доўгачаканы фінальны канцэрт дзіцячага "Еўрабачання-2018" пачнецца 25 лістапада ў 18:00 на "Мінск-Арэне". Прамую трансляцыю песеннага форуму будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by і афіцыйны сайт дзіцячага "Еўрабачання" www.junioreurovision.tv. Радыётрансляцыю конкурсу прапануе Першы канал Беларускага радыё. Каменціраваць шоу ў тэлеэфіры ў рэжыме live будуць Георгій Калдун і Андрэй Макаёнак, а радыёслухачы правядуць дзве з паловай гадзіны ў кампаніі з Вікторыяй Урбановіч і Паўлам Лазовікам.

За ўсімі падзеямі еўратыдня можна сачыць у выпусках навін і дзённіках дзіцячага "Еўрабачання-2018". Дзённікі "Light up!" выходзяць на першай кнопцы ў будныя дні ў 20:55, а ў нядзелю ў 17:35.

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў будні ў праграме "Раніца з Беларускім радыё" таксама выходзяць дзённікі дзіцячага песеннага форуму, а ў навінавых інфармацыйных выпусках - прамыя ўключэнні і рэпартажы з асноўных пляцовак дзіцячага "Еўрабачання", інтэрв'ю з арганізатарамі і ўдзельнікамі конкурсу.

Нагадаем, арганізатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).

Присоединяйтесь к нам