Дзень ведаў у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё

29.08.2018

Прэс-рэліз

1 верасня 2018 года Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе тэматычны радыёдзень і прапануе сваім слухачам акунуцца ва ўрачыстую атмасферу свята.

У першы дзень восені ва ўсіх школах традыцыйна праходзяць урачыстыя лінейкі, а першакласнікаў сустракаюць з асаблівым трапятаннем, бо ў гэты дзень яны ўпершыню пачуюць школьны званок і адчыняць дзверы ў дзіўную краіну ведаў.

У выпусках "Навін" на працягу ўсяго эфірнага дня будуць гучаць прамыя ўключэнні са школьных лінеек, якія адбудуцца ў беларускай сталіцы і рэгіёнах краіны. Рэпарцёры канала распавядуць, як прайшоў першы ўрок новага навучальнага года, якія ўражанні ён пакінуў у школьнікаў і іх бацькоў.

Сустрэчу з вучнямі выпускных класаў гімназіі № 2 горада Мінска арганізуе праект "Пакаленне XXI". Юнакі і дзяўчаты падзеляцца сваімі планамі, чаканнямі, выбарам будучай прафесіі. Найбольш яркія ўспаміны аб 1 верасня ў школе і інстытуце прагучаць у перадачы па лістах "Звычайныя гісторыі".

На "Школьны вальс" запросіць сваіх радыёслухачоў праграма "Радыёла" і распавядзе гісторыю з'яўлення песні, пазнаёміць з творчасцю яе стваральнікаў і выканаўцаў.

Праект "Святло душы" будзе прысвечаны жыццю паэта і настаўніка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Лашуткі, імя якога занесена ў кнігу "Памяць" Вілейскага раёна.

Госцем "Сямейнай праграмы" стане лідар батальёна беларускіх арлянятаў Васіль Князеў. Яго дзяцінства было абпалена вайной. Адчуўшы на сабе ўсе нягоды ваеннага ліхалецця, у мірны час ён прыйшоў у спорт і ў якасці трэнера і настаўніка стаў весці да перамог новыя пакаленні беларускіх спартсменаў.

Асаблівы падарунак да Дня ведаў падрыхтавалі аўтары інтэрактыўнага праекта "Настрой!" і віншавальнай праграмы "Вітаем, віншуем, жадаем!", якія аддадуць прамы эфір для самых цёплых і шчырых пажаданняў настаўнікам і іх вучням.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё запрашае сустрэць Дзень ведаў разам!

Присоединяйтесь к нам