Дзень радыё “па-сталічнаму”

23.04.2018
5 мая радыё “Сталіца” адсвяткуе Дзень радыё ў мінскім TNT Rock Club. Акрамя віншаванняў, падарункаў, гульняў і конкурсаў гасцей чакае эксклюзіўны рок-канцэрт, падчас якога возьмуць электрагітары ў рукі гукарэжысёры і вядучыя радыёстанцыі.

Прэс-рэліз

5 мая радыё “Сталіца” адсвяткуе Дзень радыё ў мінскім TNT Rock Club. Акрамя віншаванняў, падарункаў, гульняў і конкурсаў гасцей чакае эксклюзіўны рок-канцэрт, падчас якога возьмуць электрагітары ў рукі гукарэжысёры і вядучыя радыёстанцыі.

Радыё “Сталіца” Белтэлерадыёкампаніі аб’ядноўвае на сваіх хвалях такія паняцці, як густ, сэнс, рок і стыль. Прытым робіць гэта выключна па-беларуску. Забаўныя і пазнавальныя праграмы радыёстанцыі інфармацыйна насычаны, а музычны фармат “Сталіцы” задавальняе патрэбы і сталых меламанаў, выхаваных на заходняй музыцы, і маладых людзей, якія сочаць за навінкамі замежных і айчынных рок-гуртоў.

Самая рокавая радыёстанцыя ўдзяляе вялікую ўвагу маладым беларускім музыкантам і аўтарам, таму нядзіўна, што некаторыя з іх працуюць у эфіры “Сталіцы”. У Дзень радыё яны вырашылі падзяліцца сваімі рок-н-рольнымі здабыткамі, і 5 мая на сцэну TNT Rock Club выйдуць гукарэжысёр радыёстанцыі Сяргей Бутоўскі, які з’яўляецца вакалістам гурта Ivory, і вядучы, а па сумяшчальніцтве бас-гітарыст каманды Rokash Лявон Казакоў.

Гукарэжысёр “Сталіцы” Сяргей Бутоўскі мае багаты канцэртны вопыт. Разам са сваім гуртом ён з’яўляўся ўдзельнікам розных фестываляў, стаў фіналістам нацыянальнага адборачнага тура Global Battle of the Bands 2013 года, прызёрам міжнароднага рок-фестывалю X-Star - 2015 у Брэсце. Яго каманда Ivory грала на адной сцэне з такімі вядомымі калектывамі, як “Эпидемия”, “Чёрный Обелиск”, “Маврин”, Leprous (Нарвегія) і Dream Theater (ЗША).

Вядучы радыё “Сталіца” Лявон Казакоў з’яўляецца адным з заснавальнікаў гурта Rokash. Падчас канцэрта да Дня радыё яго калектыў падорыць слухачам аўтарскія кампазіцыі ў стылях неафолк і арт-рок у суправаджэнні лірычнага жаночага вакалу.

Акрамя таго, удзельнікамі канцэртнай праграмы стануць Ягор Квартальны і яго гурт Malanka Orchestra, а таксама кавер-бэнд Rock City, які выканае сусветна вядомыя хіты такіх легендаў, як Scorpions, Metallica, Manowar і Whitesnake.

“Сталіца” запрашае ўсіх адсвяткаваць Дзень радыё разам! Пачатак свята - у 20:00. Уваход вольны.