Прэс-рэліз
17 снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага кіно. З гэтай нагоды ў эфіры сацыякультурнага канала "Беларусь 3" будзе прапанаваны спецыяльны тэматычны паказ мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Апроч гэтага, гледачы ўбачаць дакументальныя карціны пра беларускіх рэжысёраў, а таксама змогуць атрымаць асалоду ад мелодый з любімых кінастужак.
Пачнецца святочны паказ у суботу ў 07:30. Юныя гледачы ўбачаць мультыплікацыйныя стужкі "Квака-задавака" (1975 г.), "Светлячок і расінка" (1978 г.) і "На світанні ў двары" (1985 г.).
У 08:15 у эфір выйдзе дакументальны фільм "Старыя казкі" (Белтэлерадыёкампанія, 2014 г.), які раскажа, як стваралася дзіцячая стужка рэжысёра Леаніда Нячаева "Казка пра зорнага хлопчыка" ("Беларусьфільм", 1983 г.). Саму карціну пра хлопчыка, які ўпаў з неба, і пра тое, як яго ледзяное сэрца ператварылася ў гарачае чалавечае, тэлегледачы ўбачаць у 08:40. У ролях: Павел Чарнышоў, Ларыса Панамарэнка, Ваня Пчолкін, Расціслаў Янкоўскі, Гражына Байкштытэ, Ігар Сысоеў, Дзіма Волкаў, Іван Мацкевіч.
У 10:50 "Беларусь 3" пакажа дакументальны фільм пра заснавальніка беларускага кінематографа, рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна "Разам з ім" (Белтэлерадыёкампанія, 1999 г.). Далей, у 11:20, у эфіры будзе прапанаваная гістарычная кінааповесць вядомага рэжысёра "Чырвонае лісце" ("Беларусьфільм", 1958 г.). Карціна заснаваная на некаторых фактах біяграфіі вядомага беларускага дзяржаўнага дзеяча Сяргея Прытыцкага.
1936 год. Раёны заходніх абласцей Беларусі ахопленыя рэвалюцыйным рухам. Малады паўстанец Андрэй Мяцельскі па заданні камуністычнага падполля накіроўваецца ў суседні раён, каб папярэдзіць сялян аб канцэнтрацыі сіл паліцыі і адмене прызначанай дэманстрацыі. Дарогай Андрэя цяжка раняць, але ўжо амаль у непрытомнасці ён дабіраецца да дома адстаўнога маёра пана Шыпшынскага, у якога працуе прыслужніцай яго нявеста Стася.
Дзяўчына выдае Андрэя за свайго брата. Пан Шыпшынскі спачатку верыць ёй, але ў стане трызнення Андрэй выдае адрас яўкі і пароль. Шыпшынскі заяўляе ў паліцыю…
У ролях: Эдуардс Павулс, Ія Арэпіна, Міхаіл Жараў, Клара Лучко, Яўген Карнавухаў, Генадзь Мічурын, Уладзімір Чобур, Уладзімір Дзядзюшка, Расціслаў Янкоўскі, Мікалай Бармін, Здзіслаў Стома.
У 13:35 у эфір выйдзе канцэрт "Музыка беларускага кіно". Мелодыі з кінастужак "Саша-Сашачка", "Белыя Росы", "Пра Чырвоную Шапачку", "Казка пра зорнага хлопчыка" і іншых вядомых фільмаў прагучаць у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраваннем народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Вядомыя песні выканаюць папулярныя беларускія артысты: Руслан Мусвідас, Юрый Вашчук, Ларыса Грыбалёва, Мікалай Скорыкаў і іншыя.
У 14:25 кінапаказ працягне лірычная камедыя рэжысёра Сяргея Сплашнова "Нашы суседзі" ("Беларусьфільм", 1957 г.).
У свабодны пакой камунальнай кватэры засяляецца таварыскі малады слесар Сяргей Цярохін. Адна з новых суседак, Людміла Паўлаўна Шпакоўская, вырашае, што ён самавіты чалавек і можа быць добрым жаніхом для яе дачкі Святланы.
Шчыры і добры Сяргей адразу ж заваёўвае сімпатыі ўсіх жыхароў. Толькі дзівакаваты настаўнік Размысловіч, неабыякавы да Святланы, незадаволены яго з'яўленнем. Святлана і Сяргей закахаліся, а Людміла Паўлаўна, калі даведалася, што жаніх - просты хлопец, беспаспяхова спрабуе перашкодзіць іх шлюбу…
У ролях: Леў Фрычынскі, Наталля Карнеева, Глеб Глебаў, Вольга Віклант, Канстанцін Сарокін, Валянціна Краўчанка, Анатоль Адоскін, Рыта Гладунко.
У 15:45 увазе гледачоў будзе прапанаваны дакументальны фільм рэжысёра Сяргея Кацьера "Мой бацька - Юрый Цвяткоў" (Белтэлерадыёкампанія, 2014 г.).
Сорак гадоў свайго жыцця Юрый Цвяткоў аддаў беларускаму кіно. Працаваў як аператар са Львом Голубам, а пазней сам як рэжысёр-пастаноўшчык стварыў 8 ігравых і 30 дакументальных стужак. У розныя гады ўзначальваў Беларускі відэацэнтр, Нацыянальную кінастудыю "Беларусьфільм", Дзяржаўны рэгістр кінавідэафільмаў, Беларускі саюз кінематаграфістаў, быў намеснікам міністра культуры Беларусі.
Гэтая карціна - адначасова і фільм-партрэт знакавай асобы беларускага кінематографа, і фільм-дзённік яго дачкі, якая ўспамінае свайго знакамітага бацьку.
Далей, у 16:35, тэлеаўдыторыя зможа ўбачыць меладраму Юрыя Цвяткова паводле аповесці Наталлі Суханавай "Кадрыля" - "Леташняя кадрыля" ("Беларусьфільм", 1978 г.).
Студэнты-энергетыкі Юра, Лёня і Жанна праходзяць практыку ў вёсцы. На танцах у Доме культуры хлопцы заўважылі прывабную дзяўчыну Тоню, якая выдатна танцуе кадрылю, і пачынаюць заляцацца да яе ў заклад - чыя возьме. Тоні відавочна падабаецца Лёня.
Жанна, якая прыехала на практыку разам з хлопцамі, чула гутарку Лёні з Юрам і распавяла Тоні, што хлопцы ад нуды пайшлі ў заклад на яе. Тоня здагадваецца, што Жанна проста баіцца страціць Лёню, да якога не абыякавая…
У ролях: Аляксандр Аўчыннікаў, Валянціна Ананьіна, Фёдар Шмакаў, Аляксандр Жданаў, Галіна Макарава, Вольга Жуліна.
У 17:50 на "Беларусь 3" пачнецца паказ ваеннай драмы рэжысёра Міхаіла Пташука "У жніўні 44-га…" ("Беларусьфільм", 2000 г.) паводле рамана Уладзіміра Багамолава "Момант ісціны".
На тэрыторыі толькі што вызваленай Заходняй Беларусі дзейнічае асабліва небяспечная нямецкая разведгрупа, якая перадае ў эфір шыфраваныя радыёграмы. Яе ліквідацыя з'яўляецца першачарговай задачай Упраўлення контрразведкі фронту. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага. На выяўленне і ліквідацыю нямецкіх шпіёнаў кінулі адну з лепшых аператыўна-вышуковых груп у складзе камандзіра групы капітана Алёхіна, старшага лейтэнанта Таманцава і лейтэнанта Блінова.
На тое, каб пакончыць з варожымі лазутчыкамі, групе даюцца толькі суткі... У фільме зняліся Яўген Міронаў, Уладзіслаў Галкін, Аляксандр Балуеў, Юрый Калакольнікаў.
Пасля завяршэння кінастужкі, у 19:45, у эфір выйдзе дакументальны фільм пра жыццё і творчасць рэжысёра Міхаіла Пташука "Знак лёсу" (Белтэлерадыёкампанія, 2010 г.).
Завершыцца тэматычны святочны паказ меладрамай "Пяшчотная зіма" ("Беларусьфільм", 2005 г.). Рэжысёры - Ірына Волах і Ганна Пармас. Пачатак - у 21:25.













