Думаем пра іх, калі ўспамінаем сто гадоў БССР

30.11.2018

Прэс-рэліз 

Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі запускае серыю міжпраграмных ролікаў да 100-гадовага юбілею Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У эфіры "Беларусь 1" чарадой зусім не парадных партрэтаў паўстануць самыя знакавыя асобы ў нашай гісторыі.

Героямі відэаролікаў стануць усе тыя, хто дзейнічаў, змагаўся, перамагаў, а яшчэ разам з усімі іншымі беларусамі проста жыў і кахаў, быў розным і быў нашым у часы, якія пачаліся 1 студзеня 1919 года, калі па радыё быў зачытаны маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў новую рэспубліку.

Усяго да юбілею БССР Агенцтвам тэленавін у асаблівай візуальнай манеры створана 12 міжпраграмных ролікаў пра цалкам канкрэтных персон, дзяцей сваіх бацькоў, бацькоў і маці сваіх дзяцей, стваральнікаў нашай краіны. Хоць, вядома, на справе іх сотні, тысячы, чые імёны - у нашай гісторыі, навуцы і культуры.

Гледачы "Беларусь 1" успомняць тэатральную дзіву Стэфанію Станюту, кіназорку свайго часу і на ўсе часы. Яны ўбачаць партрэт Міхаіла Савіцкага ў іншых колерах і фарбах, чым да якіх прывыклі.

А ў замалёўцы пра Уладзіміра Мулявіна лейтматывам стане разважанне аб тым, як музыкант з Урала змог стаць самым родным і народным для ўсіх беларусаў. Іншы знакаміты на ўвесь свет беларус, трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь, народжаны пад Кіевам, проста ўсміхнецца гледачу з фота сваёй знакамітай усмешкай.

Будзе аповед і пра Васіля Быкава, пісьменніка і мастака, і пра Пятра Клімука, які ўзяў з сабою на арбіту томік Коласа.

Пётр Машэраў, Андрэй Грамыка, Кузьма Кісялёў, Кірыл Арлоўскі і Панцеляймон Панамарэнка паўстануць у відэазамалёўках не назвамі вуліц і праспектаў, а жывымі людзьмі, якія любілі кнігі, музыку і дзяцей, а яшчэ - мір, свабоду і Радзіму.

Арыгінальныя ролікі, створаныя творчай групай АТН, акунуць гледачоў у цёплую хатнюю атмасферу, а дзякуючы тэматычна падабранай музыцы кожны зможа прачуць уласную сувязь з гістарычнымі асобамі.

"У відэапартрэтах мы выкарыстоўваем архіўныя і прыватныя фота, на якіх нашы героі паўстаюць у нефармальнай абстаноўцы. Такімі іх не ведае шырокая публіка. Але даведаецца і зноў палюбіць, задумаецца пра іх і пра нас, калі ўспомніць сто гадоў БССР", - упэўнены адзін з аўтараў серыі міжпраграмных ролікаў Глеб Лаўроў.

Першыя відэазамалёўкі гледачы "Беларусь 1" змогуць убачыць ужо на наступным тыдні. 

Присоединяйтесь к нам