Інфармацыйнае паведамленне
На Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве адбыліся другая індывідуальная рэпетыцыя і вялікая прэс-канферэнцыя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі - групы NaviBand.
У беларускага канкурсанта было 20 хвілін на апошнюю рэпетыцыю перад генеральным прагонам, падчас якога будзе галасаваць прафесійнае журы.
Гэтым разам Арцём і Ксенія з'явіліся на сцэне ў канцэртных касцюмах. Пасля рэпетыцыі беларуская каманда паглядзела прапанаваны рэжысёрамі тэлевізійны варыянт выступлення групы NaviBand.
Далей афіцыйная беларуская дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, група NaviBand і іх творчая каманда, паўдзельнічала ў вялікай прэс-канферэнцыі. На яе кожнай краіне-ўдзельніцы таксама было адведзена 20 хвілін.
І сёння ж група NaviBand прыме ўдзел у здымках другой часткі візітовак, якую арганізатары міжнароднага конкурсу даздымаюць для кожнай краіны-ўдзельніцы. Нагадаем, сёлета здымкі візітоўкі праходзяць у два этапы, на першым з якіх частку візітоўкі здымала кожная тэлекампанія з 42 краін-удзельніц у сябе дома, а другую частку відэа арганізатары даздымаюць гэтымі днямі ў Кіеве. Галоўная тэма візітовак - шчырыя эмоцыі артыстаў, якія і будуць у цэнтры ўвагі.
Заўтра, 7 мая, у кангрэсна-выставачным цэнтры "Паркавы" ў Кіеве адбудзецца афіцыйнае адкрыццё еўратыдня, у якім прыме ўдзел і афіцыйная дэлегацыя нашай краіны. Чырвоная дарожка конкурсу размесціцца на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца.
Нагадаем, група NaviBand з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" выступіць 11 мая ў другім паўфінале пад нумарам 14.
Пра найважнейшыя і цікавыя падзеі, якія адбываюцца з групай NaviBand і іх камандай падчас конкурсных тыдняў у Кіеве, можна даведвацца са штодзённага анлайн-дзённіка на сайце tvr.by.













