Даніэль Ястрэмскі прадставіць Беларусь на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018"

31.08.2018

Прэс-рэліз

25 лістапада нашу краіну на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018", які пройдзе ў Мінску, прадставіць Даніэль Ястрэмскі.

Імя пераможцы было названа позна вечарам 31 жніўня ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Анлайн-трансляцыю фіналу нацыянальнага адборачнага тура таксама вёў афіцыйны сайт галоўнага медыяхолдынга краіны www.tvr.by.

За права выйсці на міжнародную сцэну дзіцячага "Еўрабачання-2018" змагаліся восем сольных выканаўцаў і дзве вакальныя групы. Вялі фінальнае шоу Тэа і Вольга Рыжыкава.

У панядзелак, 3 верасня, на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў 12:00 пачнецца анлайн-канферэнцыя з пераможцам нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".

Нагадаем, Беларусь удзельнічае ў Міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" з моманту яго заснавання - з 2003 года. Першай беларускай удзельніцай форуму была Вольга Сацюк. На рахунку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007 - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". Летась Хелена Мерааі з песняй "Я самая" заняла пятае месца.

Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).