Чэмпіянат свету па хакеі ў рэйтынгах тэлеглядзення

23.05.2017
Белтэлерадыёкампанія трансліравала ўсе 64 матчы мінулага чэмпіянату свету па хакеі. Большасць гульняў гледачы маглі ўбачыць у прамым эфіры, а трансляцыі матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі карысталіся найбольшай папулярнасцю ў айчынных балельшчыкаў.

Інфармацыйнае паведамленне

Тэлеканалы медыяхолдынга трансліравалі ўсе 64 матчы мінулага чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у Германіі і Францыі. Большасць гульняў гледачы маглі ўбачыць у прамым эфіры, а трансляцыі матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі карысталіся найбольшай папулярнасцю ў айчынных балельшчыкаў.

Паводле звестак ТАА "Алькасар Медыя Сэрвіс", заснаваных на даных аб папулярнасці тэлеканалаў ЧУП "Рэальнае вымярэнне", на трох тэлеканалах медыяхолдынга - "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5" - чэмпіянат свету паглядзелі  3 мільёны 911 тысяч чалавек (56 % гарадскога насельніцтва Беларусі ва ўзросце старэйшым за 4 гады).

Найбольшую цікавасць у аматараў хакея выклікаў матч паміж зборнымі камандамі Беларусі і Францыі, які адбыўся 12 мая. Гэту гульню групавога раўнда за выхад у плэй-оф трансліраваў у прамым эфіры тэлеканал "Беларусь 1" у 21:10. Аўдыторыя гледачоў галоўнага канала краіны, які паказваў усе матчы нашай нацыянальнай каманды, падчас гульні з гаспадарамі турніру склала 991 тысячу чалавек (14 % гарадскога насельніцтва Беларусі).