"Безыменны батальён" - вялікая прэм'ера на "Беларусь 1"

13.12.2016
21 снежня ў эфіры галоўнага канала краіны будзе паказаная прэм'ера - маштабны праект аб Першай і Другой сусветных войнах - мастацка-публіцыстычны тэлефільм "Безыменны батальён", у якім гледачы ўбачаць чатыры навелы з розных акопаў.

Прэс-рэліз

21 снежня ў эфіры галоўнага канала краіны будзе паказаная прэм'ера - маштабны праект аб Першай і Другой сусветных войнах - мастацка-публіцыстычны тэлефільм "Безыменны батальён", у якім гледачы ўбачаць чатыры навелы з розных акопаў.

Група прафесіяналаў Генеральнага прадзюсарскага цэнтра медыяхолдынга, якая працавала над стварэннем стужкі, пастаралася ўзнавіць гісторыі, заснаваныя на ваенных артэфактах. Праваслаўны крыжык, ручка, губны гармонік і каска адсылаюць гледача да падзей вайны. Гэтыя прадметы, якія з'яўляюцца адпраўнымі пунктамі ў фільме, у свой час належалі   канкрэтным людзям, гісторыі лёсаў якіх гледачы ўбачаць у вячэрнім эфіры "Беларусь 1".

Уражальныя сцэны рэканструкцый падзей, 3D-графіка, расследаванні, каментарыі экспертаў з розных краін і, вядома, тыя, хто займаецца пошукам і ўвекавечваннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, а таксама прапаўшых без вестак, -   52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі. Аўтары сцэнарыя запэўніваюць, што фільм будзе цікавы розным пакаленням.

"Можна сказаць, што праект атрымаўся міжнародным. Да  працы над фільмам мы запрасілі гісторыкаў з Беларусі, а таксама Германіі, а ў пастановачных кадрах былі задзейнічаныя нашы ваенна-гістарычныя клубы і расійскія. Рэканструкцыя падзей у фільме максімальна набліжаная да рэальнасці: у сцэнах  прафесійныя акцёры, касцюмы поўнасцю адпавядаюць заяўленым перыядам, у ваенных эпізодах  сапраўдная баявая тэхніка, а для дасягнення натуральнасці дзеянняў была выкарыстаная піратэхніка", - расказаў суаўтар праекта Руслан Туркоў.

У прыватнасці, адзін са складаных пастановачных эпізодаў, які ўбачаць гледачы, - Віленская бітва 1915 года. Гэта абарончая аперацыя 10-й і 5-й армій рускага Заходняга фронту ў раёне Вільні падчас Першай сусветнай вайны.

Стваральнікі фільма ў нейкім сэнсе аднавілі гісторыю невядомых салдат па рэчах. Напрыклад, для навелы аб нямецкім салдаце Другой сусветнай былі выкарыстаныя сапраўдныя лісты з фронту да маці ў Германію.

Прэм'еру фільма "Безыменны батальён" гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць 21 снежня ў 21:45. Аўтары праекта - Ганна Ваганава і Руслан Туркоў. Аператар - Канстанцін Карніенка. Рэжысёр - Юрый Даброў.