Белтэлерадыёкампанія запускае новы праект "Я ведаю!"

01.06.2017
Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь аб'яўляюць пра пачатак адборачных тураў спецыяльнага шоу для школьнікаў "Я ведаю!", якія пройдуць да 8 верасня ва ўсіх абласцях краіны і горадзе Мінску.

Прэс-рэліз

У Міжнародны дзень абароны дзяцей, які адзначаюць ва ўсім свеце 1 чэрвеня, галоўны медыяхолдынг краіны дасць старт новаму тэлевізійнаму праекту. Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь аб'яўляюць пра пачатак адборачных тураў спецыяльнага шоу для школьнікаў "Я ведаю!", якія пройдуць да 8 верасня ва ўсіх абласцях краіны і горадзе Мінску.

Ya-znayu

Прадэманстраваць свае таленты і эрудыцыю ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" з'явіцца магчымасць у вучняў 5-11 класаў з усіх куткоў рэспублікі. Але для пачатку ім трэба прайсці адборачныя этапы ў сябе ў школе і ў раёне, каб сфарміраваць каманду ад вобласці. Падрыхтоўкай навучэнцаў ужо займаюцца любімыя настаўнікі, якіх таксама запросяць на здымкі тэлевізійнага шоу.

"Новы тэлепраект будзе накіраваны не на адну з галін ведаў, а на ўсебаковае развіццё дзіцяці, у тым ліку яго творчых здольнасцяў. Гэты праект акажа падтрымку не толькі школьнікам, але і настаўнікам, якія працуюць з гэтымі дзецьмі. Упраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама ўжо гатовыя прыняць заяўкі ад школ і рыхтуюць для прэтэндэнтаў заданні, якія ў кожнай вобласці будуць рознымі", - распавяла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Анжэла Кудаярава.

Пераможцаў адборачных тураў чакае ўдзел у беспрэцэдэнтным рэспубліканскім тэлевізійным праекце "Я ведаю!" Усяго на новы тэлевізійны сезон 2017-2018 медыяхолдынгам запланавана 33 выпускі на некалькі этапаў для розных узроставых катэгорый. У фінальных гульнях праекта будуць вызначаныя 7 пераможцаў з кожнай заяўленай паралелі. Пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя падарункі не толькі асабістага характару, але і для ўсяго класа школы, адкуль прыедзе ўдзельнік.

Тэлездымкі новай праграмы пачнуцца ў другой палове верасня гэтага года. Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага тэлевізійнага праекта "Я ведаю!" размешчана на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.