Белтэлерадыёкампанія рыхтуецца да свят

18.12.2017
Напярэдадні Раства і Новага года тэлеканалы медыяхолдынга прапануюць гледачам эксклюзіўныя трансляцыі і арыгінальныя відэаролікі, тэматычныя праграмы і мастацкія фільмы, а таксама канцэрты класічнай музыкі.

Інфармацыйнае паведамленне

Белтэлерадыёкампанія рыхтуецца да свят загадзя і фарміруе падарункі, якія здзівяць гледачоў феерверкам эмоцый, сагрэюць шчырымі пажаданнямі, традыцыйна парадуюць любімымі праектамі і нечаканымі рашэннямі. Напярэдадні Раства і Новага года тэлеканалы медыяхолдынга прапануюць гледачам эксклюзіўныя трансляцыі і арыгінальныя відэаролікі, тэматычныя праграмы і мастацкія фільмы, а таксама канцэрты класічнай музыкі.

Першым сюрпрызам у пераднавагоднім тэлеэфіры стануць святочныя лагатыпы, якія ўпрыгожаць усе каналы Белтэлерадыёкампаніі ўжо 23 снежня.

Каталікі ўсяго свету 25 снежня святкуюць Раство Хрыстова, але ў Беларусі не забываюць і пра народныя Каляды, якія пачынаюцца вечарам 24 снежня і заканчваюцца 6 студзеня. Тэлеканалы медыяхолдынга ахопяць усе святы - вядучыя будуць калядаваць і сустракаць Раство разам з гледачамі.

logo_b1.jpgТэлеканал "Беларусь 1"

У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" журналісты Агенцтва тэлевізійных навін распавядуць і пакажуць, як адзначаюць святы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

24 снежня адразу пасля праграмы "Галоўны эфір" у 22:10 тэлеканал "Беларусь 1" пачне прамую трансляцыю святочнага набажэнства на Раство Хрыстова з касцёла Святога Архангела Міхаіла ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна. Таксама ўвазе тэлеаўдыторыі будзе прапанавана прамая трансляцыя святочную службы з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска I, якая пачнецца на канале ў 00:10.

Раніцай 25 снежня ў 7:00 для вернікаў выйдзе праграма "Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Раство Хрыстова".

У калядныя дні тэлеканал "Беларусь 1" падрыхтаваў святочны кінапаказ. У нядзелю ў 17:10 гледачоў чакае прэм'ера меладрамы "Наступіць світанне" (Расія - Украіна, 2017). У гэтым фільме Алены Якаўлевай аб каханні, рэўнасці і сапраўдных пачуццях зняліся як маладыя акцёры Алег Гаас і Любоў Канстанцінава, так і вядомыя аматарам серыялаў артысты Кацярына Сямёнава і Віктар Сарайкін.

25 снежня ў 13:55 да гледачоў тэлеканала "Беларусь 1" прыляціць "Снежны анёл" (Расія, 2007). Гэта навагодняя камедыя пра дзяўчыну Маю, якой сяброўкі спрабуюць знайсці нарачонага. Але знаходзіць яна яго ў нечаканы момант, калі замест традыцыйнай паездкі ў Санкт-Пецярбург на Новы год кардынальна змяняе свае планы.

Тэматычны кінапаказ на першай кнопцы працягне фільм "Навагодні рэйс" (Расія, 2014). Так называецца чатырохсерыйная меладрама аб няпростых чалавечых лёсах: архітэктара, які спяшаецца да нявесты, былой рок-спявачкі, што застаецца на Новы год адна, бо яе муж-кінарэжысёр, прыкрываючыся здымкамі, едзе да палюбоўніцы, знакамітай журналісткі, якая адправілася да бацькоў нялюбага жаніха... Ці спраўдзяцца мары герояў, можна будзе даведацца ў 16:20.

logo_b2.jpgТэлеканал "Беларусь 2"

У калядныя святы канал "Беларусь 2" прапануе тэматычныя выпускі праграм, мастацкія і анімацыйныя фільмы для дзяцей і для ўсёй сям'і, а таксама фінальную гульню Міжнароднай лігі КВЗ.

У выхадныя гледачоў чакае святочны выпуск праекта "Камень, нажніцы, папера". 24 снежня ў 9:30 карэспандэнты "Беларусь 2" зноў кінуць выклік лёсу і згуляюць у дзіцячую гульню "Камень, нажніцы, папера", каб даведацца, каму дастанецца заданне лёгкае, а каму - цяжкае. Падчас чэленджа яны адправяцца ў дзіцячы дом, дзе разам з выхаванцамі напішуць ліст Дзеду Марозу. Акрамя таго, яны прывязуць туды фотабудку і створаць сапраўдную калядную атмасферу.

У 13:30 "Беларусь 2" пакажа фінальную гульню Міжнароднай лігі КВЗ. На працягу ўсяго сезона тэлеканал сачыў за гульнямі аднаго з самых папулярных турніраў на тэрыторыі СНД, у якім прынялі ўдзел 24 каманды з 20 гарадоў Беларусі, Расіі і Казахстана. У фінальнай бітве беларускай зборнай лінгвістаў "Ін-Яз" (Мінск) будуць супрацьстаяць каманды "Мілая зборная" (Санкт-Пецярбург), зборная Амурскай вобласці (Благавешчанск), "ЗіА-Падольск" (Падольск), "Шурачка" (Семібратава) і "Акадэмія народнай гаспадаркі" (Санкт-Пецярбург). У складзе прафесійнага журы - вядучы тэлеканала "Беларусь 2" Ілья Конанаў.

Калядны вечар на тэлеканале ўпрыгожыць спецыяльны паказ мастацкага кіно. У 17:55 адбудзецца прэм'ера фільма "Аліса ў Залюстроўі" (ЗША, 2016) паводле кнігі Льюіса Кэрала. Джоні Дэп у вобразе Шалёнага Шляпніка, Хелена Бонэм Картэр і Эн Хэтэўэй у ролях Чырвонай Каралевы і Белай Каралевы адпаведна, і, вядома, Міа Васікоўска ў галоўнай ролі будуць перамяшчацца ў часе, што прымусіць іх задумацца аб роднаснай сувязі ў новым фільме. Прыгоды герояў у фэнтэзійным свеце напоўнены бліскучым гумарам і цудоўнай графікай.

Тэматычным у гэты дзень будзе праект "Два рублі", вядучыя якога сёстры Груздзевы даведаюцца ў прахожых на вуліцах Мінска, што ім вядома пра святкаванне Каляды, народныя традыцыі і беларускія абрады. Адказаўшы правільна, прахожыя змогуць зарабіць рэальныя грошы, а тэлегледачы правераць сваю эрудыцыю 24 снежня ў 20:30.

Святочны кінапаказ працягне сямейны фільм "Выратаваць містара Бэнкса" (ЗША - Вялікабрытанія - Аўстралія, 2013). Гэтая стужка распавядзе пра біяграфію самага вядомага ў свеце мастака-мультыплікатара Уолта Дыснея. Ён як кіраўнік кампаніі вырашае экранізаваць любімыя кнігі сваіх дзяцей пра Мэры Попінс, але супраць гэтага выступае пісьменніца Памэла Ліндан Трэверс у выкананні Эмы Томпсан. Роля самога Уолта Дыснея дасталася непараўнальнаму Тому Хэнксу. Убачыць фільм гледачы змогуць у 22:05

25 снежня ўжо ў 7:00 "Беларусь 2" прапануе прыгодніцкую кінастужку "Белы палон" (ЗША, 2005). У здымках фільма, заснаванага на рэальных падзеях, удзельнічалі 30 сабак. Гісторыя распавядае пра тое, як запрэжцы сабак, пакінутых у Антарктыцы, удалося выжыць у невыносных умовах - па іх вярнуліся ратавальнікі толькі праз 6 месяцаў.

Анімацыйны серыял "Кунг-фу панда: Захапляльныя легенды" (ЗША, 2011), які "Беларусь 2" пакажа ў 11:35, заснаваны на франшызе "Кунг-фу панда". Гэтым разам упадабаны гледачамі герой По і яго сябры абараняюць сваю даліну ад розных ліхадзеяў.

У панядзелак у 12:45 гледачы зноў змогуць сустрэцца з героямі Льюіса Кэрала ў фэнтэзійных фільмах "Аліса ў краіне цудаў" (ЗША, 2010) і "Аліса ў Залюстроўі" (ЗША, 2016). Гэта пераасэнсаваныя гісторыі, створаныя пісьменнікам, якія Цім Бертан здолеў падаць ва ўласцівай яму непаўторнай манеры.

З 26 снежня тэматычнымі будуць праекты "Нічога сабе ньюз" і "Пін_код", вядучыя якіх у 16:15 і 16:20 адпаведна будуць у будныя дні абмяркоўваць з гледачамі падрыхтоўку да свят, а таксама адкажуць на пытанні, як зрабіць Новы год бяспечным, як яго адзначаюць падлеткі розных краін. Карэспандэнты "Беларусь 2" знойдуць дзяцей, якія здзівілі сёлета, падрыхтуюць арыгінальныя флэшмобы і цікавыя розыгрышы.

belarus_3.jpgТэлеканал "Беларусь 3"

Каляды для продкаў сучасных беларусаў былі галоўным зімовым святам, якое звязана, у першую чаргу, з днём зімовага сонцастаяння і сімвалізавала пачатак новага года - і сонечнага, і сельскагаспадарчага. Каляды лічыліся асаблівым святам, таму і рыхтаваліся да іх адпаведна. Падрыхтаваўся да іх і тэлеканал "Беларусь 3".

Сацыякультурны канал зняў да свят яркія і запамінальныя міжпраграмныя відэаролікі, якія створаць калядны настрой, а таксама вырашыў нагадаць гледачам, як трэба калядаваць.

Калядны вечар на "Беларусь 3" пачнецца з відэасюжэта ў праграме "Калейдаскоп. Навіны культуры". Вядучыя тэлеканала разам з фальклорнымі ансамблямі наведалі студыі Белтэлерадыёкампаніі, дзе здымаюцца праекты "Добрай раніцы, Беларусь!", "Пін_код", "НЗ.by" і "Спорт-цэнтр". Калядоўшчыкамі можна будзе ўбачыць вядучых праграм "Калейдаскоп. Навіны культуры", "Калыханка", "Навукаманія", "Нацыянальны хіт-парад. Сто песень для Беларусі", "Наперад у мінулае", "Майстры і куміры".

На "Беларусь 3" варта чакаць не толькі тэматычныя відэаролікі, але і цікавыя канцэрты, у тым ліку запісаныя Белтэлерадыёкампаніяй для самых патрабавальных меламанаў.

23 снежня ў 21:05 музычныя вечары аматараў класічнай музыкі на тэлеканале адкрые прэм'ера балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь "Вітаўт".

24 снежня артысты гэтага ж тэатра прапануюць увазе гледачоў оперу "Царская нявеста". Прэм'еру спектакля можна будзе ўбачыць у 21:05.

25 снежня ў 21:05 "Беларусь 3" упершыню пакажа поўную версію юбілейнага гала-канцэрта ў гонар 70-годдзя Валянціна Елізар’ева з удзелам зорак сусветнага і беларускага балета, запісанага генеральным прадзюсарскім цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі.

У калядныя святы гледачоў "Беларусь 3" чакаюць тэматычныя выпускі праектаў. У кожнай краіне ёсць свае традыцыйныя калядныя стравы, а душа народа часам раскрываецца праз яго нацыянальную кухню. Калядныя рэцэпты прапануе праграма "Беларуская кухня" 25 снежня ў 10:30. Аўтары праграмы "Наперад у мінулае" у 15:45 пакажуць зборны святочны выпуск, у які ўвойдуць фрагменты абрадаў “Ката пячы” і Каляды. У праграме прагучаць народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, а новую версію старажытнай кампазіцыі выканае Вікторыя Алешка.

У 16:15 беларускія тэлегледачы разам з католікамі ўсяго свету ў прамой трансляцыі змогуць убачыць пасланне і благаславенне "Гораду і свету" з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска I. А ў 17:00 увазе гледачоў будзе прапанаваная тэматычная праграма "Камертон" з удзелам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

logo_b24.jpgТэлеканал "Беларусь 24"

Да калядных выхадных падрыхтаваўся і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал.

24 снежня ў 22:10 "Беларусь 24" правядзе прамую трансляцыю святочнага набажэнства на Раство Хрыстова, а ў 00:10 пачнецца прамая трансляцыя ўрачыстай службы з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска I.

25 снежня вернікаў чакае праграма "Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Раство Хрыстова" - у 8:45. У 13:05 Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч стане героем інтэрв'ю-праекта "24 пытанні". У 22:40 міжнародны спадарожнікавы тэлеканал пакажа лепшыя выпускі праграмы "Святыні Беларусі".

Перад Новым годам тэлеканал "Беларусь 24" запусціць серыю душэўных відэаролікаў пра цудоўны святочны час. У іх будуць адлюстраваныя цяпло сямейнай утульнасці, таемства надыходзячых свят і кропелька гумару. Тэлеканал не шукаў мадэляў і акцёраў, а зазірнуў у госці да звычайных людзей - сваіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках, шчырыя гісторыі якіх будуць вельмі блізкія гледачам. Творчая каманда тэлеканала сабрала розныя камічныя сітуацыі з сямейных перадсвяточных клопатаў, эйфарыю сяброўскіх спаборніцтваў і рамантыку зімовых вечароў. У гледачоў "Беларусь 24" перад Новым годам з'явіцца магчымасць параўнаць сябе з героямі відэагісторый.

Белтэлерадыёкампанія запрашае сустрэць калядныя і навагоднія святы разам, а таксама заставацца з любімымі тэлеканаламі ў наступным годзе!