Белтэлерадыёкампанія правядзе патрыятычную акцыю "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!"

11.05.2017
14 мая 2017 года на плошчы Дзяржаўнага флага ў Мінску Белтэлерадыёкампанія пры садзейнічанні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта правядзе патрыятычную акцыю "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!", прымеркаваную да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.

Прэс-рэліз

14 мая 2017 года на плошчы Дзяржаўнага флага ў Мінску Белтэлерадыёкампанія пры садзейнічанні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта правядзе патрыятычную акцыю "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!", прымеркаваную да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.

Галоўнымі ўдзельнікамі акцыі стануць дыпламанты музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!", які з верасня 2016 года па 1 сакавіка 2017 года праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Мэта конкурсу - папулярызацыя дзяржаўнай сімволікі, фарміраванне ў грамадстве глыбокай пашаны да гераічнага мінулага і культуры свайго народа, любові да Айчыны і гонару за яе дасягненні.

Нагадаем, усяго для ўдзелу ў праекце было прынята 53 заяўкі ў трох намінацыях: харавое і ансамблевае выкананне, выкананне сола. Сярод удзельнікаў - прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, вайскоўцы і курсанты, навучэнцы сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, прафесійныя і аматарскія музычныя калектывы - усяго каля 1700 чалавек. Жывое праслухоўванне ўдзельнікаў праходзіла ў Вялікай студыі Дома радыё і ацэньвалася прафесійным журы пад старшынствам паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Карызны.

Патрыятычная акцыя 14 мая на плошчы Дзяржаўнага флага будзе ўяўляць сабою літаратурна-музычную кампазіцыю на вершы і песні пра Радзіму беларускіх аўтараў. Пачатак мерапрыемства - 15:00.

У акцыі прымуць удзел фіналісты праекта, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і член журы конкурсу Ірына Дарафеева, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна і заслужаны артыст Беларусі Станіслаў Трыфанаў, лаўрэат Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу на "Славянскім базары ў Віцебску" Анастасія Жабко, салістка ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Ганна Сцепанкова, артысты тэатральна-відовішчнай установы "Моладзевы тэатр эстрады" і інш.

Кульмінацыяй акцыі стане сумеснае выкананне ўсімі ўдзельнікамі Дзяржаўнага гімна. Вакальнае і інструментальнае суправаджэнне акажуць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, якія ажыццявілі раней запіс эталоннай версіі Дзяржаўнага гімна.

Сярод удзельнікаў акцыі таксама будуць прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, дзеячы культуры, спорту, адукацыі.

Прысутнасць у гэты дзень на плошчы Дзяржаўнага флага прадстаўнікоў розных узростаў і сфер прафесійнай дзейнасці заклікана сімвалізаваць адзінства беларускага народа ў любові да Радзімы, згуртаванасць беларускага грамадства, пераемнасць пакаленняў і захаванне нацыянальных традыцый.

Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі будзе весці запіс акцыі для стварэння тэлеверсіі і наступнага паказу ў эфіры тэлеканалаў медыяхолдынга.