Белтэлерадыёкампанія працягвае здымаць візітоўкі для фіналістаў нацадбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018"

07.08.2018

Творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі працягвае здымаць візітоўкі для кожнага з 10 фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".

"У кожным роліку з дзецьмі здараецца цікавая гісторыя, у канцы якой героя чакае казачная кульмінацыя ў выглядзе феерверка з канфеці, якая аб’ядноўвае ўсе візітоўкі. У кадры фіналісты нацыянальнага адбору па-сапраўднаму запальваюць, акунаюцца ў казку, весяляцца і танцуюць. Гэтым разам мы не робім акцэнт на касцюмах, а жадаем паказаць маладых, модных і крэатыўных дзяцей, таму выбралі ў чарзе здымачных лакацый і тусовачныя вуліцы Мінска", - падзялілася творчай задумай рэжысёр візітовак Яна Шаблыка.

Адзначым, што сёлета галоўная тэма посткардаў напрамую звязана з афіцыйным слоганам міжнароднага форуму - "#LIGHTUP" ("#ЗАПАЛЬВАЙ").

Адзнятыя візітоўкі будуць папярэднічаць выступленню юных артыстаў падчас фінальнага шоу, якое пройдзе ў форме гала-канцэрта 31 жніўня ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by.

Напярэдадні шоу візітоўкі можна будзе ўбачыць у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!", каб лепш пазнаёміцца з фіналістамі адборачнага тура ў эфіры канала "Беларусь 1".

Нагадаем, пераможца Нацыянальнага адборачнага тура, які набярэ найбольшую колькасць галасоў ад прафесійнага журы і гледачоў, прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" 25 лістапада ў Мінску.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.