Інфармацыйнае паведамленне
Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да фінальнага гала-канцэрта нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2017". 25 жніўня стане вядома імя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на міжнародным музычным форуме.
Да фіналу нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" засталіся 2 дні. Фіналісты конкурсу працягваюць падрыхтоўку да гала-канцэрта, які 25 жніўня пройдзе ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі.
Заўтра, 24 жніўня, удзельнікі фіналу выйдуць на сцэну ў сцэнічных касцюмах, ва ўмовах, максімальна набліжаных да прамога эфіру грандыёзнага шоу, якое адбудзецца ў пятніцу. Генеральная рэпетыцыя фінальнага гала-канцэрта пройдзе таксама 25 жніўня.
Напярэдадні фіналу ў пятніцу ў 21:45 на тэлеканале "Беларусь 1" новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы" распавядзе пра каманду Белтэлерадыёкампаніі, якая займаецца падрыхтоўкай нацыянальнага адбору на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне". Гледачы ўбачаць закуліссе тэлевізійнага конкурсу і галоўных людзей, якія робяць маляўнічае шоу ў прамым эфіры. Журналіст АТН Ніна Мажэйка пагутарыла з тымі, хто амаль заўсёды застаецца за кадрам - ад кіраўніка праекта "Еўрабачанне" ў Беларусі да аператараў і мастакоў-графікаў. Аўтары праекта паспрабавалі адказаць на пытанні, праз якія выпрабаванні даводзіцца прайсці юным артыстам, каб трапіць у дзясятку фіналістаў, як рыхтуюцца тыя, хто выйдзе на сцэну студыі "600 метраў", каб праспяваць ужывую для шматмільённай публікі.
Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by пачнецца 25 жніўня ў 22:00.
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.
Магчымасць прыняць удзел у тэлефонным і SMS-галасаванні кожнаму абаненту сеткі стацыянарнай сувязі і ўсіх сотавых сетак Рэспублікі Беларусь забяспечыць кампанія "Белтэлекам". Тэлефонныя нумары для галасавання паведамяць тэлегледачам вядучыя канцэрта - Тэа і Вольга Рыжыкава. Дастаткова адправіць SMS за ўпадабанага канкурсанта або патэлефанаваць па нумарах, пазначаных эфірнай графікай падчас трансляцыі, і дачакацца адказу, што голас абанента прыняты. Працягласць акна тэлегаласавання складзе 10 хвілін.
Пераможца прадставіць нашу краіну на прэстыжным конкурсе сёлета 26 лістапада ў горадзе Тбілісі (Грузія).
Арганізацыю нацыянальнага адбору і падрыхтоўку да Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.












