Белтэлерадыёкампанія пакажа ў прамым эфіры ўсе матчы чэмпіянату свету па футболе - 2018

30.05.2018

Прэс-рэліз

З 14 чэрвеня па 15 ліпеня ў Расіі пройдзе 21-ы чэмпіянат свету па футболе. Разам са шматмільённай сусветнай тэлеаўдыторыяй убачыць найбуйнейшую спартыўную падзею змогуць і беларускія гледачы. Прамыя трансляцыі ўсіх 64 матчаў будуць весці каналы "Беларусь 5" і "Беларусь 2".

Расія ўпершыню прымае Кубак свету ФІФА. Правядзенне мундыяля запланавана адразу на 12 стадыёнах у 11 гарадах: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Саранску, Калінінградзе, Валгаградзе, Екацярынбургу, Самары, Сочы і Растове-на-Доне.

У фінальны турнір кваліфікаваліся 32 каманды. Дзеючыя чэмпіёны - зборная Германіі - згуляюць у групе F. Сёлета дэбютантамі спартыўнага форуму стануць зборныя Ісландыі і Панамы.

Першы паядынак пройдзе 14 чэрвеня. На стадыёне "Лужнікі" (Масква) сустрэнуцца каманды Расіі і Саудаўскай Аравіі.

Галоўны медыяхолдынг краіны - уладальнік выключных правоў на арганізацыю тэлевізійнай трансляцыі чэмпіянату свету - будзе забяспечваць максімальна шырокае асвятленне найбуйнейшага спартыўнага форуму.

Урачыстую цырымонію адкрыцця і закрыцця, групавы этап, 1/8 і 1/4 фіналу, паўфінал, матч за трэцяе месца і фінальную сустрэчу пакажа тэлеканал "Беларусь 5".

У 3-м туры групавога раўнда паядынкі выпадаюць на адзін час, таму для выгоды тэлевізійных балельшчыкаў гэтыя матчы паралельным курсам будуць паказаныя ў прамой трансляцыі на "Беларусь 2".

Такім чынам, каналы галоўнага медыяхолдынга краіны ў поўным аб'ёме пакажуць гэтае першынство.

Кожны дзень на працягу футбольнага месяца на "Беларусь 5" у спецыяльных тэматычных дзённіках каментатары і спецыялісты будуць рабіць дэталёвыя агляды мінулых і наступных матчаў.

Пра самыя цікавыя і захапляльныя моманты чэмпіянату журналісты Агенцтва тэленавін распавядуць у выпусках навін і сюжэтах праграм "Панарама" і "Галоўны эфір".

Каментаваць адну з найбуйнейшых спартыўных падзей будуць сапраўдныя прафесіяналы: Уладзімір Навіцкі, Павел Баранаў, Мікалай Хадасевіч, Уладзіслаў Татур, Сяргей Мацкевіч, Аляксандр Цвячкоўскі ды іншыя.

Белтэлерадыёкампанія запрашае ўсіх спартыўных балельшчыкаў з 14 чэрвеня па 15 ліпеня сачыць за выступленнямі лепшых футбольных каманд разам!