Прэс-рэліз
Галоўны медыяхолдынг краіны аб'яўляе пачатак прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", які пройдзе 25 лістапада ў Мінску (Беларусь).
Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура выступае Белтэлерадыёкампанія. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, устаноўленымі Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.
Сёлета да праслухоўвання будуць дапушчаныя ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі адпавядаюць наступным патрабаванням:
- удзел у адборы могуць прыняць юныя выканаўцы, якім на дату правядзення міжнароднага конкурсу павінна быць не меней за 9 і не больш за 14 гадоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь альбо замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не меней як два з паловай гады;
- у адборы можа ўдзельнічаць песня, якая складаецца з вершаў на беларускай і (або) рускай мове з выкарыстаннем замежнай мовы (але не больш як 40 % аб'ёму тэксту) і музыкі, якія не былі камерцыйна рэалізаваныя, а таксама выкананыя публічна цалкам або часткова да 1 мая 2018 г.;
- удзельнік праекта павінен быць адзіным праваўладальнікам музыкі і тэксту песні альбо мець сумеснае праваўладанне музыкай і тэкстам песні, калі ў праекце прымае ўдзел калектыў выканаўцаў.
Для ўдзелу ў адборачным туры неабходна каштоўнай бандэроллю накіраваць заяўку на адрас: 220114, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9 з пазнакай "На дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018".
Апошні дзень прыёму заявак - 29 чэрвеня 2018 года.
Вынікі адборачнага тура падводзяцца прафесійным журы не пазней за 7 ліпеня 2018 г. Па выніках адборачнага тура прафесійнае журы вызначае ад сямі да дзесяці ўдзельнікаў фіналу праекта.
Фінал у форме гала-канцэрта пройдзе не пазней за 15 верасня 2018 года. Прадстаўніка Беларусі ў 16-м міжнародным песенным форуме выберуць пасля галасавання гледачоў і прафесійнага журы.
Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" размешчана на сайце медыяхолдынга www.tvr.by ў раздзеле "Спецпраекты".
Усе правы, якія датычацца правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.
Нагадаем, Беларусь удзельнічае ў Міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" з моманту яго заснавання - з 2003 года. На рахунку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007 - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У 2017 годзе Хелена Мерааі з песняй "Я самая" заняла пятае месца.
Сёлета Мінск ужо другі раз будзе прымаць музычны форум. Фінал Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе 25 лістапада ў спартыўна-забаўным комплексе "Мінск-Арэна".












