Прэс-рэліз
Галоўны медыяхолдынг краіны аб'яўляе аб пачатку прыёму заявак для ўдзелу ў Нацыянальным адборачным туры Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".
Арганізатарам нацыянальнага адбору з'яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, устаноўленымі Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам (ЕВС).
Інфармацыя аб праекце размяшчаецца на афіцыйным сайце арганізатара www.tvr.by і ў газеце "СБ - Беларусь сегодня".
Для ўдзелу ў конкурсе трэба каштоўнай бандэроллю накіраваць заяўку на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9 з пазнакай "Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Апошні дзень прыёму заявак - 26 снежня 2017 г.
Праект праводзіцца ў два этапы: адборачны тур (разгляд заявак і праслухоўванне ўдзельнікаў) і фінал.
Да 14 студзеня прафесійнае журы правядзе адкрытае праслухоўванне ўсіх прэтэндэнтаў і вызначыць не больш як 15 выканаўцаў для ўдзелу ў фінале. Падчас правядзення праслухоўвання на сайце кампаніі www.tvr.by будзе весціся анлайн-трансляцыя.
Фінал пройдзе не пазней за 1 сакавіка 2018 года ў фармаце тэлевізійнага гала-канцэрта ў прамым эфіры.
Афіцыйны прадстаўнік нашай краіны для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" будзе вызначаны падчас трансляцыі фіналу нацыянальнага адбору галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50 на 50.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў маі ў Лісабоне (Партугалія). Паўфіналы адбудуцца 8 і 10 мая, фінал - 12 мая.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу "Еўрабачання-2018" традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".
Арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.












