Белтэлерадыёкампанія актыўна рыхтуецца да выставы "СМІ ў Беларусі"

27.04.2018
3-5 мая ў Мінску пройдзе ХХII Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі". Для наведвальнікаў форуму кампанія падрыхтуе займальныя прэзентацыі, віктарыны, інтэрактыўныя зоны, іміджавыя ролікі, выступленні артыстаў. 

Прэс-рэліз

3-5 мая ў Мінску пройдзе ХХII Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі", у якой па традыцыі прымуць удзел тэлеканалы галоўнага медыяхолдынга краіны. Для наведвальнікаў форуму кампанія падрыхтуе займальныя прэзентацыі, віктарыны, інтэрактыўныя зоны, іміджавыя ролікі, выступленні артыстаў. Галоўнай падзеяй выставы стане кастынг вядучых самага моладзевага тэлеканала, які шукае актыўных маладых людзей, гатовых стаць не проста новымі тварамі "Беларусь 2", але і ўдзельнічаць у стварэнні праектаў.

5 мая кожны, хто пажадае, зможа пазмагацца за права стаць вядучым "Беларусь 2". Падчас форуму каля стэнда Белтэлерадыёкампаніі будзе арганізаваны кастынг. Яго ўдзельнікам трэба будзе распавесці пра сябе і прачытаць невялікі фрагмент прапанаванага тэксту. Акрамя таго, тэлеканал рыхтуе і іншыя інтэрактыўныя пляцоўкі. Вядучы праграмы "Капейка ў капейку" Ілья Конанаў правядзе інтэлектуальную віктарыну і разыграе падарункі ад "Беларусь 2". Прафесійныя танцоры Вольга Церах і Кірыл Балтрукоў ("Ідзі сюды і танцуй") прама на сцэне выставы правядуць танцавальны майстар-клас. Вядучы моладзевых навін "Нічога сабе ньюз" Данііл Жданько выбера лепшы мабільны рэпартаж. На працягу паўгода тэлегледачы прысылалі свае відэанавіны, якія можна было ўбачыць у эфіры "Беларусь 2". 5 мая творчая група праекта вызначыць лепшую з іх і ўручыць яе аўтару экшн-камеру.

Таксама на выставе "СМІ ў Беларусі" будуць прэзентаваны і іншыя тэлеканалы медыяхолдынга. Так, 3 мая на стэндзе Белтэлерадыёкампаніі пра свае інфармацыйныя і культурна-адукацыйныя праекты распавядуць "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Міжнародны спадарожнікавы канал арганізуе пазнавальную віктарыну аб нашай краіне, падрыхтуе яркую фотазону і музычныя выступленні ўдзельнікаў праграмы "Погляд на Беларусь". Акрамя таго, кожны зможа запоўніць анкету і стаць удзельнікам аднаго з праектаў.

Эстафету падхопяць тэлеканалы "Беларусь 3" і "Беларусь 5". 4 мая журналісты правядуць візуальнае знаёмства з каналамі, пакажуць іміджавыя ролікі і пазнаёмяць гасцей выставы з рэалізуемымі праектамі і праграмамі. Супрацоўнікі медыяхолдынга падрыхтуюць спецыяльную фотазону, дзе кожны зможа зрабіць маляўнічы здымак.

Белтэлерадыёкампанія запрашае наведвальнікаў выставы "СМІ ў Беларусі" падрабязна азнаёміцца са стэндам медыяхолдынга, а таксама задаць пытанні прадстаўнікам кампаніі і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.