Прэс-рэліз
Галоўны медыяхолдынг краіны шукае яркіх, харызматычных і мэтанакіраваных людзей - дарослых і дзяцей ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў, якія не баяцца цяжкасцей і гатовыя прайсці ўсе этапы адбору, каб стаць вядучымі адной з галоўных музычных падзей Еўропы - дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".
Кандыдаты на ролю вядучых маштабнага мерапрыемства павінны выдатна валодаць англійскай мовай, умець трымацца на сцэне, цудоўна імправізаваць, працаваць у кадры, а таксама мець за плячамі вопыт працы ў прамым эфіры і ўдзел у буйных тэлевізійных праектах.
Па выніках кастынгу арганізатары выберуць вядучых, якія найбольш гарманічна ўпішуцца ў агульную канцэпцыю музычнага форуму. Перад шчасліўчыкамі будзе стаяць няпростая задача: працаваць на асноўнай сцэне для шматмільённай аўдыторыі тэлегледачоў і паралельна размаўляць з удзельнікамі ў грын руме, таму што менавіта там самыя яркія моманты і шчырыя эмоцыі.
Каб паўдзельнічаць у адборы, прэтэндэнтам неабходна даслаць сваю фатаграфію і кароткі прэзентацыйны ролік з аповедам пра сябе на электронны адрас: eurovision@tvr.by. Галоўныя крытэрыі відэа - крэатыўнасць, інфарматыўнасць і лаканічнасць.
Апошні дзень прыёму заявак - 15 ліпеня 2018 года. Усе падрабязнасці - на сайце медыяхолдынга www.tvr.by.
Імёны вядучых дзіцячага "Еўрабачання-2018" стануць вядомыя пасля таго, як экспертная група праекта пад кантролем ЕВС вывучыць відэазапісы ўсіх прэтэндэнтаў і вызначыць лепшых.
Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі 25 лістапада. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў форуму выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).












