Прэс-рэліз
Гэтымі днямі самая народная праграма айчыннага тэлебачання - "Белорусское времечко" - адзначае дзесяцігадовы юбілей.
Упершыню "Белорусское времечко" гледачы ўбачылі 26 лістапада 2006 года. Новы праект з'яўляўся ліцэнзійным і быў выкананы ва ўжо знаёмым гледачам фармаце папулярнай праграмы "Времечко", якая выходзіла на тэлеканале ТВЦ. Аўтары "Белорусского времечка" працавалі над праграмай у цесным супрацоўніцтве з расійскімі калегамі - стваральнікамі "Времечка". Вядучымі першага эфіру былі цяперашні кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, Юлія Заўгародняя і запрошаны маскоўскі калега Міхаіл Ананьеў.
Галоўнае прызначэнне праграмы - дапамагаць гледачам у вырашэнні самых складаных сітуацый і сумеснымі намаганнямі знаходзіць адказы на актуальныя жыццёвыя пытанні.
Тэлегледачы заўсёды з нецярпеннем чакаюць сустрэч з вядучымі і карэспандэнтамі праекта. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне, бо праблемы, якія абмяркоўваюцца ў прамым эфіры, не надуманыя, у "Белорусское времечко" звяртаюцца па падтрымку, параду і дапамогу.
Шмат гадоў над праектам працуе каманда прафесіяналаў, сярод якіх вядучыя: Вольга Шлягер, Сяргей Прохараў, Саша Снегіна, Канстанцін Юманаў, Юлія Заўгародняя, Уладзімір Богдан, Алег Ціткоў, Алена Спірыдовіч.
Разам з вядучымі праблему ў студыі абмяркоўваюць запрошаныя госці або эксперты, якія з'яўляюцца кампетэнтнымі спецыялістамі ў той або іншай сферы, як, напрыклад, адвакат Галіна Камароўская, якая ўжо не адзін год падказвае беларусам, як дасягнуць мірнага пагаднення ў пытаннях спадчыны, кампрамісу ў зямельных сварках і нават гармоніі ў сям'і.
З кожным годам праект становіцца ўсё больш інтэрактыўным. Гледачы могуць патэлефанаваць у рэдакцыю "Времечка" па нумары 389 60 73 або ў студыю падчас прамога эфіру па нумары 280 89 15. На сайце tvr.by на старонцы праекта ў любы час можна атрымаць дапамогу кваліфікаванага юрыста, пакінуць сваё пытанне або распавесці аб праблеме. Таксама ў праграмы ёсць афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках.
"Белорусское времечко" выходзіць з панядзелка па чацвер на тэлеканале "Беларусь 1" у 17:35.
Віншуем калег з юбілеем і жадаем творчага даўгалецця і яшчэ шмат тэлевізійных сезонаў наперадзе!













