Беларускае радыё гатова да новага сезона

24.09.2018

Прэс-рэліз

Тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі ўступаюць у новы сезон 2018/2019. З некаторымі праектамі гледачы ўжо маглі пазнаёміцца ў тэлеэфіры, многія навінкі яшчэ рыхтуюцца да прэм'еры гэтай восенню, а радыёканалы медыяхолдынга пачынаюць вяшчальны сезон з 1 кастрычніка. Ён абяцае быць насычаным, разнастайным і поўным прэм'ер.

radio1.jpgПершы нацыянальны канал Беларускага радыё

Галоўнай асаблівасцю новага сезона Першага нацыянальнага стане яшчэ больш пашыраная тэматыка праграм. З'явіцца эфірная лінейка спецпраектаў, стане больш аўтарскіх радыёблогаў і вэб-версій папулярных радыёперадач.

Сярод прэм'ер - праект "Малая радзіма" - публіцыстычная праграма аб развіцці рэгіёнаў краіны, жыхарах і ўраджэнцаў беларускіх гарадоў і вёсак.

У сезоне 2018/2019 Першы нацыянальны запусціць літаратурны праект-конкурс "Бацькаўшчына светлая мая", прысвечаны Году малой радзімы. Пераможцы будуць вызначаныя ў намінацыях "Паэзія" і "Эсэ".

У рамках музычнай патрыятычнай акцыі "Песні малой радзімы" галоўны радыёканал плануе запісаць творы нацыянальнага фальклору і арыгінальны рэпертуар рэгіянальных калектываў для выкарыстання ў эфіры і захавання лепшых узораў у фондах Беларускага радыё.

Традыцыйны штогадовы конкурс "Маладыя таленты Беларусі" папоўніцца новай намінацыяй - "Прысвячэнне малой радзіме". Арганізатары ўпэўненыя, што VIII Рэспубліканскі творчы радыёконкурс знойдзе новыя імёны, як у свой час адкрыў Алёну Ланскую, Юрыя Дземідовіча, Кірыла Ермакова, Лідзію Заблоцкую, Надзею Місякову, Хелену Мерааі і многіх іншых.

Падрыхтоўцы нашай краіны да II Еўрапейскіх гульняў прысвечаная новая інфармацыйна-пазнавальная праграма "Гульнявы момант", у рамках якой у радыёэфіры будуць праходзіць сустрэчы з арганізатарамі, удзельнікамі спаборніцтваў і балельшчыкамі.

Цэлая серыя новых праектаў канала прымеркаваная да значных юбілейных дат. Так, гісторыка-публіцыстычная праграма "Гісторыя рэспублікі" будзе прысвечаная 100-годдзю БССР, дакументальна-публіцыстычны праект "Вызваленне і Перамога" - 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Сярод тэатральных прэм'ер сезона - радыёспектакль "Забітае юнацтва" паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча "Лісце каштанаў".

Яшчэ адной прэм'ерай стане інтэрактыўны праект "Радыёчат", у аснове якога будуць паведамленні і каментарыі падпісчыкаў у групах канала ў сацыяльных сетках "Фейсбук", "Твітэр", "УКантакце", "Аднакласнікі" і месенджары "Вайбер".

STOLITSA-FM.jpgРадыё "Сталіца"

Новы сезон для "Сталіцы" будзе адзначаны не толькі 20-гадовым юбілеем, але і з'яўленнем новых цікавых праектаў.

Так, штотыднёвая інфармацыйна-пазнавальная праграма "Код дзейнасці" распавядзе слухачам, як адкрыць сваю справу. Сумесны з Беларускім таварыствам абароны спажыўцоў праект "Чэк-ап" разгледзіць пэўныя канфліктныя сітуацыі для пошуку іх вырашэння.

"Салон прыгажосці" распавядзе аб індустрыі прыгажосці, захаванні маладосці і здаровым ладзе жыцця.

Творчасці вядомых беларусаў будзе прысвечаны праект "Бліжэй да зорак". У новым праекце пра рок-н-рол "Нержавейка" слухачы сустрэнуцца з праверанай часам і актуальнай для прадстаўнікоў розных пакаленняў музыкай.

"Сталіца" як сапраўднае беларускае моладзевае рокавае радыё ў сезоне 2018/2019 не толькі прапануе сваім слухачам лепшыя сучасныя хіты і класіку рока з усяго свету, але і надасць асаблівую ўвагу музыцы айчынных выканаўцаў. У планах радыёстанцыі - абнаўленне праекта "Ведай нашых!", а таксама трансляцыя жывых канцэртаў праграмы "Крок ды рока" з Вялікай студыі Дома радыё, прычым не толькі ў аўдыяварыянце, але і на YouTube-канале ў прамым эфіры.

radio_bel.jpgМіжнароднае радыё "Беларусь"

Радыё "Беларусь" істотна пашырыць сваю прысутнасць у Інтэрнэце, запусціць новыя аўтарскія праекты, якія спрыяюць умацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.

Новы праект "Ракурс" будзе прысвечаны найбольш важным падзеям у грамадска-палітычным жыцці краіны, асноўным кірункам супрацоўніцтва Беларусі з ключавымі замежнымі партнёрамі.

"Эканамічная панарама" акрэсліць асноўныя кірункі знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі.

Праграма "Беларусь гасцiнная" асветліць усе важныя міжнародныя мерапрыемствы і форумы, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым асаблівы акцэнт будзе зроблены на II Еўрапейскіх гульнях. Праект таксама будзе інфармаваць пра магчымасці бязвізавага наведвання нашай краіны, прыводзіць меркаванні аб Беларусі замежных гасцей.

Праект "З Беларуссю ў сэрцы" распавядзе пра дзейнасць беларускіх дыяспар у розных краінах свету і пра жыццё прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і канфесій у Беларусі.

"Прыярытэты партнёрства" будуць прысвечаныя знешняй палітыцы Беларусі, беларускім ініцыятывам па ўмацаванні міру і стабільнасці.

Пра галоўныя падзеі культурнага жыцця Беларусі будзе распавядаць "Камертон". У гэтай праграме можна будзе пачуць аб апошніх дасягненнях айчынных дзеячаў мастацтва, аб жыцці і творчасці беларускіх выканаўцаў, а таксама аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы культуры.

Героямі праекта "Разам" стануць беларусы, якія ўдзельнічаюць у міжнародных дабрачынных і добраахвотніцкіх акцыях за мяжой, і замежныя валанцёры, якія працуюць у нашай краіне.

radiusfm.jpgРадыёстанцыя "Радыус FM"

У новым сезоне слухачоў "Радыус FM" чакае яшчэ больш ультрамодных хітоў, новых праграм, сюрпрызаў, гасцей і проста пазітыву.

У ранішнім шоу "Раней за ўсіх" вядучыя падзеляцца карыснымі парадамі, узнімуць настрой займальнымі гісторыямі, пазнаёмяць з гараскопам.

Для тых, хто лічыць сябе знатаком сучаснай папулярнай музыкі, якая штодня гучыць на хвалях "Радыус FM", творчая каманда падрыхтавала інтэрактыўную праграму "Шазам раніцамі". Задача слухачоў - як мага хутчэй пазнаць песню і падзяліцца адказам у прамым эфіры.

Вядучыя Дар'я Сякерыч, Сцяпан Манкевіч і Герман Малышчыцкі па-ранейшаму будуць рабіць кожную раніцу добрай і бадзёрай, а штодзённае музычна-забаўнае шоу "Выдатны дзень" з Вадзімам Шэпетам папоўніцца новымі рубрыкамі. У ім стане яшчэ больш хітовай музыкі, жывых зносін, віншаванняў і падарункаў.

Для тых, хто знаходзіцца ў радыусе пазітыву за рулём і ў дарозе, у будныя дні будзе гучаць вячэрняя шоу-праграма Ганны Ліпай "Аўтадрайв". У эфіры - толькі карысная інфармацыя для аўтамабілістаў, пытанні ПДР і поўны прычэп жвавай музыкі.

Калі праводзіць "Выхадныя нон-стоп", то толькі ў кампаніі з Вольгай Венскай. Афішы мерапрыемстваў, выстаў, канцэртаў, майстар-класаў - усё гэта ў рубрыцы "Гарачы ўікэнд". Таксама ў слухачоў будзе магчымасць патэлефанаваць у эфір, перадаць прывітанне або віншаванне і атрымаць падарунак ад радыёстанцыі.

radiocultura.jpgКанал "Культура" Беларускага радыё

Асноўным інтэрактыўным штотыднёвым праектам на канале стане праграма "Культурны працэс". Да абмеркавання актуальных пытанняў нацыянальнай культуры будуць запрошаныя мастацтвазнаўцы, кіраўнікі тэатральна-відовішчных устаноў, прадстаўнікі навучальных устаноў культуры і мастацтва, творчыя работнікі. Абмеркаванне пытанняў будзе ісці не толькі ў студыі, але і пры актыўным удзеле аўдыторыі пасродкам інтэрнэт-сеткі.

Новы пазнавальны праект "Культурныя скрыжаванні" будзе прысвечаны гісторыі музычнага мастацтва Беларусі і Еўропы, нацыянальнай літаратуры, самабытнай народнай культуры беларусаў. Асабліва ў лінейцы праекта варта вылучыць праграму аб унікальнасці і разнастайнасці беларускай мовы.

Году малой радзімы будзе прысвечаная новая краязнаўчая праграма "Сцежкамі ў вялікі свет…", удзельнікамі якой стануць творчыя асобы, выхадцы з розных куткоў Беларусі.

Папулярызацыі кнігі, чытання, літаратуры прысвечаны праект "Мае кнігі". Яго канцэпцыя прадугледжвае размову пра найважнейшыя кнігі ў жыцці запрошаных гасцей.

У новай праграме "Тэатрамагія", акрамя знаёмства з дзеячамі тэатра, будуць дэманстравацца іх таленты. Удзельнікам будзе прапанавана прачытаць упадабаныя вершы, урыўкі прозы, маналогі са спектакляў.

Музычны эфір канала папоўніць праект "Любімая класіка" па заяўках радыёслухачоў. Новы музычны праект "Вялікая студыя" прапануе ўнікальныя запісы з фондаў Беларускага радыё, створаныя музычнымі калектывамі Белтэлерадыёкампаніі - сімфанічным аркестрам, заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь акадэмічным хорам і заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем народнай музыкі "Бяседа". Акрамя таго, праграма пазнаёміць з сённяшняй студыйнай і канцэртнай дзейнасцю гэтых творчых калектываў.