Беларусь зможа ўплываць на палітыку спартыўнага тэлевяшчання ў Еўропе

19.09.2018

Прэс-рэліз

Упершыню ў гісторыі айчыннага тэлебачання беларус увайшоў у склад спартыўнага камітэта Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. Ім стаў дырэктар спартыўнага канала медыяхолдынга Павел Булацкі.

На асамблеі ЕВС у швейцарскай Жэневе дырэктар тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі нараўне з прадстаўнікамі Францыі, Ірландыі і Балгарыі быў абраны ў склад спецыяльнага спартыўнага камітэта, які шмат у чым фарміруе тэлевізійную палітыку еўрапейскіх кампаній. Старшынёй камітэта стаў Свен Леск’ер з Нарвегіі.

"Права голасу ў важкай спартыўнай кіраўніцкай структуры - гэта давер з боку Еўропы, вялікае дасягненне для ўсёй краіны і ў той жа час вялізная адказнасць для нас. Нашаму каналу ўсяго 5 гадоў, але, я думаю, ён справіцца з ускладзенай на яго місіяй", - упэўнены дырэктар "Беларусь 5" Павел Булацкі.

Даведкава: Павел Булацкі нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мінску, скончыў факультэт журналістыкі БДУ, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, шматразовы пераможца Нацыянальнага конкурсу "Тэлевяршыня", адзін са стваральнікаў і дырэктар тэлеканала "Беларусь 5".