"Беларусь памятае" аб подзвігах Вялікай Айчыннай

28.09.2018

Прэс-рэліз

1 кастрычніка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" стартуе прэм'ерная серыя відэаролікаў "Беларусь памятае", падрыхтаваных Агенцтвам тэлевізійных навін да 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гледачы "Беларусь 1" убачаць гістарычную рэканструкцыю падзей Вялікай Айчыннай вайны, напоўненую праўдападобнымі выбухамі і перастрэлкамі. Героі кароткіх відэагісторый - нашы сучаснікі, якія, дзякуючы здымцы 360 градусаў і спецыяльнай студыі з хромакеем памерам 300 квадратных метраў, пераносяцца з сучаснасці ў гады вайны.

У здымачным працэсе былі задзейнічаны рэальныя героі - унукі і праўнукі ветэранаў вайны, а таксама прафесійныя акцёры і артысты масоўкі.

Агенцтва тэленавін дасць магчымасць не толькі сваякам ветэранаў, але і гледачам прачуць, наколькі гераічным і важным быў подзвіг іх дзядоў і прадзедаў, ацаніць маштаб і трагедыю вайны. Дзеці франтавікоў акунуцца ва ўспаміны і, нібы на машыне часу, адправяцца ў поры свайго юнацтва. Так, 70-гадовая Ксенія Аляксандраўна, убачыўшы фуражку свайго бацькі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, успомніць, як у яе дзяцінстве тата працаваў над кнігай. Праз гады яна прынясе ў музей ваенную форму бацькі… У відэароліку дачка ветэрана будзе прадстаўлена і той маленькай дзяўчынкай, ролю якой выканае юная актрыса.

У іншым відэа ў ролі Героя Савецкага Саюза Мікалая Абедняка - яго праўнук Мікіта Абядняк, які з гонарам прымерыў ваенную форму прадзеда. Мікалай Іванавіч у верасні 1943 года ў складзе штурмавой брыгады пераправіўся на правы бераг Дняпра і агнём з ручнога кулямёта прыкрыў дэсантныя падраздзяленні, якія наступалі. Агенцтва тэленавін рэканструявала падзеі тых даўніх дзён, а праўнук Мікалая Абедняка змог стаць іх удзельнікам і такім чынам ушанаваць памяць свайго гераічнага прадзеда.

"Больш за 30 чалавек працавалі над стварэннем відэаролікаў, уключаючы дзяцей, унукаў і праўнукаў ветэранаў вайны. Мяне, як аўтара, уразіла, наколькі ў гэтых сем'ях памятаюць аб подзвігу сваіх дзядоў і прадзедаў, шануюць мір, у якім жывуць", - адзначыў выканаўчы прадзюсар праекта АТН "Беларусь памятае" Руслан Туркоў.

Першы міжпраграмны відэаролік з серыі, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі, гледачы галоўнага канала краіны змогуць убачыць 1 кастрычніка ў рамках праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!".