"Беларусь 5" у прамым эфіры пакажа жараб'ёўку чэмпіянату свету па футболе - 2018

29.11.2017
1 снежня спартыўны канал медыяхолдынга прапануе гледачам прамую трансляцыю з Крамля, дзе адбудзецца жараб'ёўка галоўнага футбольнага турніру чатырохгоддзя.

Прэс-рэліз

1 снежня спартыўны канал медыяхолдынга прапануе гледачам прамую трансляцыю з Крамля, дзе адбудзецца жараб'ёўка галоўнага футбольнага турніру чатырохгоддзя.

21-ы чэмпіянат свету па футболе ўпершыню пройдзе ў Расіі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года. Гэта будзе першы мундыяль, які адбудзецца адразу ў дзвюх частках свету - Еўропе і Азіі. Спаборніцтвы прымуць 11 расійскіх гарадоў: Масква, Санкт-Пецярбург, Самара, Саранск, Растоў-на-Доне, Сочы, Казань, Калінінград, Валгаград, Ніжні Ноўгарад і Екацерынбург.

На турніры сустрэнуцца 32 нацыянальныя зборныя, якія будуць падзеленыя на 8 груп. 16 каманд выйдуць у 1/8 фіналу, дзе пачнуцца гульні на выбыванне. Ужо вядома, што матч адкрыцця з удзелам краіны-гаспадыні - зборнай Расіі - і фінальная гульня адбудуцца на стадыёне "Лужнікі".

Жараб'ёўка пройдзе ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы ў Маскве. У афіцыйнай цырымоніі прымуць удзел Дыега Марадона, Кафу, Фабіа Канавара, Карлес Пуёль, Міраслаў Клозэ, Дыега Фарлан і іншыя зоркі сусветнага футбола.

Аматары гульні нумар адзін змогуць убачыць жараб'ёўку чэмпіянату свету - 2018 у прамым эфіры на тэлеканале "Беларусь 5" у 18:00.