Прэс-рэліз
24 жніўня ў 20:00 тэлеканал "Беларусь 5" пакажа ў прамым эфіры матч у адказ раўнда плэй-оф Лігі Еўропы УЕФА паміж украінскай "Александрыяй" і барысаўскім БАТЭ.
Спартыўны тэлеканал сёння парадуе футбольных балельшчыкаў двойчы. Спачатку "Беларусь 5" пакажа прамую трансляцыю жараб'ёўкі групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў УЕФА ў 19:00. А пасля таго, як стануць вядомыя сапернікі па групах галоўнага еўрапейскага клубнага турніру, пачнецца трансляцыя матча ў адказ з удзелам "Александрыі" і БАТЭ, якія аспрэчаць выхад у групавы раўнд Лігі Еўропы.
"Нягледзячы на цяжкасці, што ўзніклі ў працэсе перамоў па набыцці правоў на тэлевізійны паказ, нашаму медыяхолдынгу ўдалося дасягнуць дамоўленасцяў з тэлерадыёкампаніяй "Украіна" аб трансляцыі футбольнага паядынку ў адказ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Адмова барысаўскага клуба ад тэлевізійнага абмену паміж бакамі значна паўплывала на кошт медыяправоў на матч у адказ. Уклаўшы значныя фінансавыя сродкі, Белтэлерадыёкампанія парадуе сваіх гледачоў трансляцыяй вырашальнага паядынку ў раўндзе плэй-оф. Варта адзначыць, што тэлекампаніі першапачаткова былі гатовы бязвыплатна абмяняцца тэлевізійнымі сігналамі, аднак украінскія балельшчыкі так і не змаглі ўбачыць на сваіх экранах матч, які адбыўся 17 жніўня ў Барысаве”, - распавёў кіраўнік тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі.
Белтэлерадыёкампанія запрашае футбольных балельшчыкаў падтрымаць адзінага на гэты момант прадстаўніка беларускага футбола ў еўракубках.
"Думаю, што наша каманда можа годна справіцца з няпростай задачай і трапіць у групавы раўнд Лігі Еўропы", - дадаў Павел Булацкі.













