"Беларусь 5" пакажа "Два бакі алімпійскага медаля"

14.11.2016
20 лістапада ў эфіры спартыўнага тэлеканала "Беларусь 5" стартуе новы праект - дакументальны цыкл вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Два бакі алімпійскага медаля".

Прэс-рэліз

20 лістапада ў эфіры спартыўнага тэлеканала "Беларусь 5" стартуе новы праект - дакументальны цыкл вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Два бакі алімпійскага медаля". Серыя фільмаў прапануе гледачам успомніць прыемныя моманты Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Рыа, і людзей, якія прынеслі беларускім балельшчыкам самыя станоўчыя эмоцыі.

ХХХІ летнія Алімпійскія гульні, якія прайшлі сёлета ў Бразіліі, былі багатыя на прыгожыя подзвігі і яркія выступленні. Але за кадрам засталася цяжкая дарога да самай галоўнай у кар'еры кожнага спартсмена ўзнагароды. Адсюль і назва праграмы - стваральнікі цыкла вырашылі паказаць абодва бакі алімпійскага медаля.

Кожны фільм прысвечаны асобнаму атлету або камандзе. У ім пераплятаецца аповед аб выступленні на Гульнях і біяграфічная замалёўка. Гэта не проста ўспаміны пра галоўную падзею - Алімпійскія гульні ў Рыа, але і магчымасць паглядзець на галоўнага героя вачамі саміх спартсменаў, іх трэнераў, сяброў, блізкіх людзей і спартыўных каментатараў, якія былі відавочцамі перамог.

Героямі першых фільмаў стануць алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў, сярэбраныя прызёры Дар'я Навумава і Вадзім Стральцоў, бронзавы прызёр Аляксандра Герасіменя.

Аўтары не маглі не распавесці яшчэ пра аднаго героя - Ігара Бокага. Гэты спартсмен выступаў у Рыа праз месяц пасля завяршэння Алімпіяды. І здолеў здзейсніць сапраўдны спартыўны подзвіг - заваяваць 7 медалёў і стаць самым тытулаваным атлетам Паралімпійскіх гульняў - 2016.

"Падчас здымак праграмы мы даведаліся шмат новага і незвычайнага пра нашых медалістаў. Напрыклад, пазнаёміліся з гадаванцам Дар'і Навумавай - ручным ваверчанём Ніксанам. Усе нашы героі аказаліся вельмі сціплымі людзьмі, якіх не закранула зорная хвароба, таму інтэрв'ю атрымаліся шчырымі і адкрытымі", - адзначыла аўтар праекта "Два бакі алімпійскага медаля" Улада Сарокіна.

Першы выпуск дакументальнага цыкла гледачы тэлеканала "Беларусь 5" убачаць 20 лістапада ў 18:55. Праект будзе выходзіць кожны тыдзень у нядзелю. Рэжысёр фільмаў - Наталля Бяляева.