"Беларусь 5" давядзе справу да "Матч-пойнта"

11.09.2018

Прэс-рэліз

18 верасня ў эфіры спартыўнага канала медыяхолдынга стартуе першы айчынны тэлевізійны праект, прысвечаны выключна тэнісу. Кожны аўторак у праграме "Матч-пойнт" вядучая Дарына Запольская будзе знаёміць гледачоў з апошнімі навінамі сусветнага тэніса, размаўляць са спецыялістамі ў гэтым відзе спорту і навучаць асновам гульні тэнісістаў-пачаткоўцаў.

Калі сапернікі ўсю гульню ідуць нараўне і да перамогі кожнаму не хапае аднаго ачка, то стук мяча аб корт перад вырашальнай падачай заўсёды трымае ў напружанні не толькі спартсменаў, але і трэнераў, балельшчыкаў на трыбунах, мільёны тэлегледачоў. Такая сітуацыя ў тэнісе называецца матч-пойнтам, але ў новым сезоне на тэлеканале "Беларусь 5" пад такой назвай выйдзе арыгінальны тэматычны праект.

Апошні час дасягненні беларускіх тэнісістаў не пакідаюць абыякавымі нават самых неперадузятых прыхільнікаў спорту. Асабліва гэта тычыцца жаночай часткі зборнай, якая летась прывезла ў Мінск фінал Кубка Федэрацыі, пазмагаўшыся ў вырашальным матчы з наймацнейшай камандай ЗША. Да алімпійскай чэмпіёнкі ў міксце Вікторыі Азаранкі ў барацьбе за самыя гучныя тытулы далучыліся Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка і іншыя беларускія тэнісісткі, якія дабіваюцца выдатных вынікаў на прэстыжных міжнародных турнірах.

"Беларусь 5" не перастае сачыць за поспехамі нашых тэнісістаў, але кіраўніцтва тэлеканала і яго каментатары вырашылі запусціць паўнавартасны тэматычны праект пра гэты папулярны від спорту.

Адна з рубрык праграмы "Матч-пойнт" у форме падрабязнага дайджэсту будзе распавядаць пра апошнія навіны сусветнага і айчыннага тэніса. Журналісты спартыўнага канала пакажуць тое, што звычайна схавана ад вачэй тэлегледачоў, а таксама падрыхтуюць эксклюзіўныя інтэрв'ю з легендарнымі ўтаймавальнікамі ракеткі і мяча. У студыі праекта вядучая Дарына Запольская даведаецца меркаванне экспертаў наконт таго або іншага матча, а таксама сустрэнецца з дзеючымі беларускімі тэнісістамі і трэнерамі.

Апроч гэтага, аматараў тэніса чакае прыемны сюрпрыз. У кожным выпуску прафесійны інструктар будзе паказваць тэнісістам-пачаткоўцам ля тэлеэкрана, як правільна трымаць ракетку, біць па мячы, падаваць і прымаць падачы. Такім чынам, праект будзе выходзіць у эфір не толькі са студыі, але і непасрэдна з тэніснага корта.

Прэм'ера праграмы "Матч-пойнт" адбудзецца 18 верасня ў 18:25.