"Беларусь 3" запіша фіналы адборачных тураў дарослага і дзіцячага конкурсаў "Славянскі базар у Віцебску"

17.03.2017
18 сакавіка Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі правядзе ў Моладзевым тэатры эстрады запіс фінальных адбораў да XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" і XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск". 

Прэс-рэліз

18 сакавіка Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі правядзе ў Моладзевым тэатры эстрады запіс фінальных адбораў да XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" і XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск". 25 і 26 сакавіка тэлеверсіі канцэртаў будуць прапанаваныя ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3".

Нагадаем, нацыянальны адбор праходзіў у тры этапы. Па выніках рэгіянальных кастынгаў былі вызначаныя па 5 кандыдатаў з кожнай вобласці і Мінска. Далей удзельнікі прапанавалі на суд экспертаў відэазапісы дзвюх песень на выбар. У выніку журы выбрала па дзесяць фіналістаў адбору дзіцячага і дарослага конкурсаў. За права выступаць ад Беларусі на XV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск" будуць змагацца: Алеся Віталс (Мінская вобл.), Марыя Дудар (Светлагорск, Гомельская вобл.), Марыя Жыліна (Мінск), Ангеліна Ламака (Мінск), Марыя Магільная (Магілёў), Кірыл Машэўскі (Брэст), Арына Пехцерава (Магілёў), Арцём Скароль (Гродзенская вобл.), Стафанія Смірнова (Мінск) і Анфіса Хмялеўская (Мінск).

У фінальны тур адбору XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" увайшлі: Марына Бараноўская (Віцебская вобл.), Кірыл Ермакоў (Мінск), Ірына Замулка (Брэст), Ніна Жукоўская (Мінск), Злата Ларчанка (Мінская вобл.), Анастасія Лушчык (Мінская вобл.), Алеся Падгруша (Сяргейчык) (Мінская вобл.), Дар'я Правашынская (Магілёўская вобл.), Кацярына Сычэўская (Брэсцкая вобл.), Ягор Шаранкоў (Мінск).

За прадстаўнікоў Беларусі на вакальных конкурсах у адкрытым фармаце падчас фінальнага канцэрта прагаласуе прафесійнае журы. Склад экспертаў дзіцячага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" - народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

Паводле слоў арганізатараў, выступленні фіналістаў конкурсаў абяцаюць быць яркімі і захапляльнымі. Акрамя таго, пакуль журы будзе вызначацца з выбарам, на сцэну Моладзевага тэатра эстрады выйдуць вядомыя беларускія артысты, сярод якіх Алена Ланская, Вікторыя Алешка, Іна Афанасьева, Пётр Ялфімаў і іншыя.

Тэлеверсіі фінальных адбораў да галоўных фестывальных падзей "Славянскага базару" - дарослага і дзіцячага конкурсаў адпаведна - глядзіце ў эфіры "Беларусь 3" 25 і 26 сакавіка ў 12:10