Прэс-рэліз
На тэлеканале “Беларусь 3” адбылася прэм’ера новага праекта “Артэфакты”. Гэта цыкл дакументальных фільмаў, у якіх аўтары расказваюць пра культурныя рэчы, многія з якіх шмат гадоў знаходзіліся ў сховішчах музеяў, а некаторыя ўвогуле не выстаўляюцца напаказ наведвальнікам. З гэтымі артэфактамі звязваюць легенды і паданні, а за асобнымі каштоўнасцямі тоіцца не адна дэтэктыўная гісторыя.
Сапраўдныя рэліквіі, экспанаты, што сталі духоўнымі святынямі, і рарытэты, якія сведчылі пра неверагодную магутнасць уладальніка... Наша краіна багатая на шматлікія артэфакты культуры і мастацтва, аднак многія беларусы не бачылі і нават не чулі пра іх. Як правіла, гэта надзвычай каштоўныя рэчы, якія патрабуюць пільнага догляду і асаблівага стаўлення. Супрацоўнікі музеяў выконваюць строгія ўмовы захоўвання такіх артэфактаў.
Здымачнай групе праекта ўдалося пабачыць гэтыя цікавыя рэчы, а цяпер з імі знаёмяць і гледачоў. Археолагі, краязнаўцы і калекцыянеры дапамагаюць вядучай “Беларусь 3” Алене Даміевай распавесці гісторыю таго ці іншага артэфакта, звязаныя з ім міфы і легенды, ацэньваюць кошт экспаната, расказваюць, як рэч трапіла да навукоўцаў, у чым яе адметнасць для даследчыкаў і нашчадкаў. Запрошаныя эксперты раскрываюць таямніцы папярэдніх уладальнікаў артэфактаў і малавядомыя звесткі пра тое, дзе зараз могуць знаходзіцца самыя сенсацыйныя скарбы беларускай культуры.
Аўтары праекта спрабуюць знайсці адказы на пытанні, у чым значнасць гэтых артэфактаў і якую інфармацыю яны нясуць сучаснікам.
Прэм’ера праекта адбылася 5 верасня, і цяпер кожны тыдзень у сераду і чацвер у 19:30 у гледачоў канала “Беларусь 3” будзе магчымасць пазнаёміцца з чарговым унікальным артэфактам. Сёння, 6 верасня, праект “Артэфакты” пакажа касцяны крыж часоў Лівонскай вайны. Гэты выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў накрыты нажом і пахаваны каля печы разам з яго апошнім уладальнікам у Расонскім раёне Віцебскай вобласці. На крыжы выяўлены імёны і вобразы святых, а зроблены артэфакт з рога высакароднага аленя. Аўтары праекта разам з экспертамі паспрабавалі разблытаць амаль дэтэктыўную гісторыю, звязаную з гэтай цікавай знаходкай.
Незвычайныя містыфікацыі і загадкі чакаюць гледачоў ва ўсіх 16 фільмах: пра крыж Ефрасінні Полацкай, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Тураўскія крыжы, ліст каралевы Боны Сфорца, рыцарскія даспехі Сярэднявечча, уратаваныя ад чорных капальнікаў, і іншыя скарбы.
Адзначым, што ўсе серыі дакументальнага цыкла “Артэфакты” будуць выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3” у фармаце HD.













