Прэс-рэліз
Тэлеканалу “Беларусь 3” спаўняецца 5 гадоў. Першы ў краіне сацыякультурны канал быў створаны ў структуры медыяхолдынга па даручэнні Кіраўніка дзяржавы з мэтай папулярызацыі і захавання беларускай культурнай спадчыны і пачаў сваё вяшчанне 8 лютага 2013 года.
З моманту заснавання тэлеканал дорыць гледачам лепшыя ўзоры айчыннага і сусветнага кінамастацтва, знаёміць з тэатральнымі прэм’ерамі і класічнымі пастаноўкамі, музычнымі канцэртамі вядомых выканаўцаў і адкрывае новыя імёны. У эфіры канала шмат арыгінальных праграм, створаных як для маленькіх гледачоў, так і для дарослых, каб пазнаёміць іх з народнай творчасцю ў розных кутках Беларусі, сучаснымі карцінамі айчынных мастакоў, дасягненнямі беларускай навукі, эстрадай савецкага часу, выканаўцамі бардаўскай песні і самымі выбітнымі дзеячамі нашай культуры.
Прыярытэтам у вяшчанні для тэлеканала “Беларусь 3” з'яўляецца прапаганда нацыянальных і культурных традыцый беларускага народа ў сусветным кантэксце. Выдатныя дзеячы беларускай культуры, гісторыі і асветы, якія ўнеслі значны ўклад у сусветнае развіццё, - героі дакументальных стужак і асветніцкіх праектаў тэлеканала. Фарміраванню станоўчага погляду на дасягненні беларускіх асветнікаў, грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў і іншых гістарычных асоб у сусветным маштабе спрыяе паказ праектаў тэлеканала “Беларусь 3” на міжнародным спадарожнікавым тэлеканале “Беларусь 24”.
Асаблівая ўвага на “Беларусь 3” надаецца папулярызацыі роднай мовы. Беларускамоўныя праекты на канале займаюць каля 75 % ад агульнай колькасці праграм уласнай вытворчасці. Штодзённае вяшчанне тэлеканала на беларускай мове складае 32 % ад агульнага аб'ёму. Гэта больш за 5 гадзін на суткі.
12 % эфіру тэлеканала займаюць праекты з фондаў Белтэлерадыёкампаніі: гэта ўнікальныя відэаматэрыялы, якія захавалі выдатныя ўзоры беларускай культуры і мастацтва розных часоў. А сучасныя дасягненні, якія знаходзяць адлюстраванне ў цыклавых праектах, дакументальных стужках, канцэртных праграмах, тэлеверсіях спектакляў, сёння папаўняюць залаты фонд медыяхолдынга і тым самым захоўваюць для наступных пакаленняў сапраўдныя каштоўнасці айчыннай культуры і мастацтва.
У 2017 годзе сетка вяшчання “Беларусь 3” была цалкам зменена, цяпер яна створана па бясшвовым лінейным прынцыпе. Абнавілася і графічнае афармленне. За мінулы год у эфір выйшлі новыя арыгінальныя праекты: “Беларусь як песня”, “Майстры і куміры”, “Люблю і памятаю”, “Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака”, “Тэатр у дэталях”, “Хата на хату” і інш. Адна з важных асаблівасцяў пры стварэнні тэлепраектаў - запрашэнне і далучэнне ў якасці аўтараў, вядучых і кансультантаў аўтарытэтных спецыялістаў у галіне культуры і мастацтва.
Летась тэлеканалам быў створаны 16-серыйны цыкл дакументальных фільмаў пра беларускіх пісьменнікаў “Запіскі на палях”. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання быў падрыхтаваны ў эфір 4-серыйны мастацка-публіцыстычны фільм “Скарына. Дзеля Бога і людзей”. Гэта стужка, дзе не пераказваецца біяграфія Францыска Скарыны, у якой шмат белых плям, а на аснове архіўных звестак і пастановачных кадраў паказаныя розныя варыяцыі падзей XVI стагоддзя, а таксама развагі гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, якія паказалі, у чым подзвіг асветніка з Полацка.
На тэлеканале працягваюць выходзіць любімыя праграмы ”Калыханка”, “Дабраранак”, “Размаўляем па-беларуску”, “Навукаманія”, “Святло далёкай зоркі”, “Наперад у мінулае”, “Музеі Беларусі”, “Святыні Беларусі”, “Навіны культуры”. Героямі цыклавога праекта "Камертон" у 2017 годзе сталі лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі ў галіне культуры.
“Беларусь 3” развівае супрацоўніцтва з установамі культуры і мастацтва, а таксама падтрымлівае і стварае сумесныя праекты. Так, мінулай восенню ўпершыню за ўсю гісторыю існавання фестывалю “Лістапад” напярэдадні яго правядзення ў эфіры “Беларусь 3” былі паказаны фільмы - прызёры розных гадоў. Па выніках “Лістапада-2017” тэлеканал прэзентаваў для сваіх гледачоў новыя фільмы - прызёры нацыянальных кінашкол.
Упершыню ў тэлевізійнай прасторы краіны на канале “Беларусь 3” з мэтай падтрымкі маладых рэжысёраў і папулярызацыі беларускага кінематографа распачаўся паказ дыпломных работ студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Важным этапам у змястоўным напаўненні тэлеканала “Беларусь 3” стала стварэнне тэматычных эфіраў, прымеркаваных да святкавання юбілеяў з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў. Так, 7 ліпеня, у дзень 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, і 3 лістапада, у дзень 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, тэлеканал стварыў тэматычныя эфіры “Мой Купала” і “Мой Колас”, якія адпаведна цалкам складаліся з праектаў, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменнікаў.
Акрамя таго, у 2017 годзе тэлеканал падрыхтаваў наступныя тэматычныя эфіры: “Дзень Перамогі”, “Дзень Незалежнасці”, “Месяц беларускай кнігі” (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства), “Юбілей Мікалая Чаргінца”, “Юбілей Валянціна Елізар'ева”, “Месяц беларускай музыкі”, “Месяц сучаснага мастацтва”, “Месяц беларускага кіно” і іншыя.
“Беларусь 3” рэгулярна стварае тэлеверсіі канцэртаў значных мерапрыемстваў краіны. Сярод іх канцэрт Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, Міжнародны фестываль “Залаты шлягер” у Магілёве, тэлевізійны фестываль армейскай песні “Зорка”, рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства, гала-канцэрт лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, XXX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску IFMC-2017.
Таксама ідзе праца над стварэннем тэлеверсій канцэртаў, прысвечаных значным падзеям і юбілеям вядомых беларускіх кампазітараў, дырыжораў, музыкантаў, нацыянальных і дзяржаўных музычных і харэаграфічных калектываў. Захоўваецца на тэлеканале і жанравая разнастайнасць: гэта сімфанічныя, харавыя, эстрадныя, джазавыя, фальклорныя і іншыя тэлеверсіі.
Сацыякультурны канал і ў 2018 працягне стварэнне тэлеверсій значных культурных мерапрыемстваў, міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, канцэртаў, лепшых спектакляў беларускіх тэатраў, творчых сустрэч з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва.
У сакавіку ў эфір выйдзе чатырохсерыйны гістарычны дакументальны фільм “Хатынь”, прымеркаваны да 75-й гадавіны трагедыі. Таксама ідзе праца над стварэннем дакументальных фільмаў да 85-годдзя з дня заснавання Вялікага тэатра Беларусі, да 220-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Адама Міцкевіча, да 80-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага мастацкага музея.
У новым сезоне 2018-2019 плануюцца прэм'еры цыклаў праграм аб прадметах культуры і мастацтва “Артэфакты”, пра асаблівасці архітэктуры “Архітэктура Беларусі” і пра нематэрыяльную культурную спадчыну “Жывая культура”.
Ужо зараз у эфіры сацыякультурнага канала выходзяць святочныя відэаролікі, дзе з пяцігоддзем “Беларусь 3” віншуюць вядомыя артысты, музыканты, мастакі. Сярод іх - старшыня Беларускага саюза мастакоў графік Рыгор Сітніца; рэжысёр, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў; акцёр, заслужаны артыст Беларусі, прафесар Уладзімір Мішчанчук; актрыса, народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель; акцёр, рэжысёр, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў; драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў; галоўны дырыжор Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў; салістка Вялікага тэатра Беларусі, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна і іншыя. Акрамя цёплых слоў у адрас канала-юбіляра, яны цытуюць класікаў беларускай літаратуры і расказваюць, што для іх значыць культура.
У дзень нараджэння тэлеканала ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбудзецца прэм’ера хранікальна-дакументальнага фільма “Беларусь 3”. 5 гадоў у эфіры”, які раскажа і пра першы дзень эфіру сацыякультурнага канала, і пра праекты, якія выходзяць усе пяць гадоў, і пра планы на будучыню. У фільме выкарыстаны кадры з цікавымі здарэннямі, што адбываліся на здымачнай пляцоўцы падчас стварэння многіх праектаў. Таксама стужка “Беларусь 3”. 5 гадоў у эфіры” адкажа на пытанні, калі канал плануе перайсці на HD-фармат і наколькі для яго гэта важна. Тэлегледачы “Беларусь 3” змогуць убачыць гэты фільм 11 лютага ў 13:20.













