10 снежня ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампанія правядзе запіс сольнага канцэрта "Улада. Мой горад", які падчас навагодніх свят убачаць тэлегледачы канала "Беларусь 3".
Спявачка Улада - адна з яркіх прадстаўніц сучаснай эстрады. У яе творчым багажы ўдзел у міжнародных конкурсах, тры сольныя альбомы, адзінаццаць відэакліпаў, выступленні на прэстыжных фестывалях і ўдзел у тэлевізійных праектах.
Сёння артыстка з'яўляецца салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі, гастралюе па гарадах Беларусі з сольнай праграмай, а яе новыя кампазіцыі раціруюцца ў эфіры радыёстанцый.
Дарэчы, з лютага 2016 года Улада адправілася ў тур па краіне, прымеркаваны да Года культуры. Падтрымку спявачцы аказала Белтэлерадыёкампанія, а ў прыватнасці - радыёстанцыя "Радыус FM". Каманда аб'ездзіла шэраг беларускіх гарадоў, не проста выступаючы з канцэртнай праграмай, а паралельна вывучаючы гістарычнае мінулае і культурную сучаснасць населеных пунктаў і рэгіёнаў, распавядаючы пра гэта шырокай аўдыторыі тэлегледачоў і радыёслухачоў.
Канцэрт, запіс якога адбудзецца ў суботу, - свайго роду вынік гастрольнага тура. Са сцэны Улада падзеліцца ўражаннямі ад гастроляў, успомніць аб гледачах, з якімі давялося сустрэцца падчас тура, а таксама раскажа пра свае самыя значныя дасягненні.
У вялікім канцэрце ў выкананні Улады прагучаць такія песні, як "Бландзінка-зіма", "Я спяваю", "Маміна дачка", "Сны", "Галаген", "Кадылак", "Дзіцячыя сны", "Усё з пачатку", "Не спяшайся", "Няма адказу", "Кропка, коска", "Мой горад" і іншыя. Яркім элементам музычнага шоу стануць танцавальныя нумары ў выкананні тэатра "Менада".
Тэлеверсія канцэрта "Улада. Мой горад" на канале "Беларусь 3" запланаваная да эфіру на 25 снежня.












