Прэс-рэліз
21 лютага народны артыст Беларусі, прафесар, стваральнік і нязменны дырыжор і кіраўнік заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” Міхаіл Фінберг адзначыць 70-гадовы юбілей. З гэтай нагоды тэлеканал “Беларусь 3” прапануе ў эфіры серыю канцэртаў, у якіх прагучаць вядомыя кампазіцыі ў суправаджэнні знакамітага калектыву.
Любоў да музыкі ў Міхаіла Фінберга праявілася яшчэ ў дзяцінстве. Ён скончыў Мазырскую музычную школу, у 1970-м - Беларускую кансерваторыю, а праз год пачаў выкладаць у Беларускай акадэміі музыкі. У гэтым жа годзе Міхаіл Фінберг узначаліў аркестр Мінскага цырка. Менавіта пад кіраўніцтвам маэстра калектыў хутка дасягнуў значных творчых поспехаў і паступова са спецыфічнага цыркавога ператварыўся ў канцэртны. У 1987 годзе Міхаіл Якаўлевіч арганізаваў Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі, які ў 2005-м атрымаў статус нацыянальнага, а ў 2010-м - акадэмічнага. Дарэчы, сёлета заслужаны калектыў адзначае 30-годдзе сваёй дзейнасці.
Пра вялікі ўклад Міхаіла Фінберга ў культуру, яго выдатную творчую працу і высокі прафесіяналізм сведчаць шэраг узнагарод і падзяк: ордэн Францыска Скарыны, падзяка і спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, і іншых міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, творчых саюзаў - спіс можна прадаўжаць. Гэта гаворыць пра тое, што чалавек ідзе сваім шляхам і адорвае навакольных сваім бязмерным талентам.
Сёння ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі, які набыў надзвычайную папулярнасць як у нашай рэспубліцы, так і ў многіх краінах блізкага і далёкага замежжа, сабраныя найвышэйшага класа музыканты і салісты-вакалісты, сярод якіх заслужаныя артысты Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў. Калектыў вядомы як аркестр жывога гуку, а яго кіраўнік - як маэстра жывога гуку.
Эфір “Беларусь 3” пачне напаўняцца гэтымі гукамі ўжо 18 лютага ў 15:30. Так, увазе тэлеаўдыторыі будзе прапанаваны святочны канцэрт з удзелам салістаў калектыву - урачыстае закрыццё Міжнароднага фестывалю рэтра-музыкі “Залаты шлягер - 2015”. Падчас музычнай імпрэзы ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга прагучаць вядомыя кампазіцыі “Мы жадаем шчасця вам”, “Вочы чорныя”, “Вясна”, “Неба”, “Джамп”, “Уверцюра”, “Бай-бай” і многія іншыя. Вакальным майстэрствам прыхільнікаў сапраўднага мастацтва парадуюць Дзмітрый Качароўскі, Галiна Грамовiч, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела, Яўген Цымбаліст, Алесь Дзяржавец, Таццяна Глазунова, Тэа і іншыя.
19 лютага ў 13:50 у эфіры “Беларусь 3” будзе паказаны канцэрт-адкрыццё XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016”. У выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга прагучыць вядомая і любімая музыка.
Удзельнікі канцэрта - салісты калектыву: Галiна Грамовiч, Яўген Цымбаліст, Дзмітрый Качароўскі, Прыма-Вера, Алеся Дзяржавец, Наталля Тамела, Валерыя Грыбусава, Руслан Мусвідас, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка і іншыя.
Дарэчы, 20 і 21 лютага ў эфіры “Беларусь 3” будуць паказаны паўторы гэтых канцэртаў.
Акрамя таго, спецыяльна да святочнай даты, 21 лютага, у дзень нараджэння Міхаіла Фінберга, у дзённым эфіры “Беларусь 3” будзе паказаны спецыяльны выпуск праграмы “Камертон”, госцем якога стане маэстра.












