15 лістапада народны артыст Беларусі, стваральнік і нязменны мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Сябры” Анатоль Ярмоленка адзначыць 70-гадовы юбілей. З гэтай нагоды тэлеканал “Беларусь 3” прапануе ў эфіры тэматычныя праграмы “Камертон” і “24 пытанні”, а таксама канцэрт ансамбля “Сябры”, запісаны Белтэлерадыёкампаніяй у 2017 годзе.
Анатоль Ярмоленка з дзяцінства ад маці чуў народныя беларускія і ўкраінскія песні. Пазней, калі быў салістам Гомельскай абласной філармоніі, ён працаваў у розных ансамблях, пакуль не прыдумаў назву “Сябры” для новага калектыву. Менавіта з ім у 1974 годзе ён спачатку стане дыпламантам Першага рэспубліканскага конкурсу артыстаў эстрады, а пасля будзе жаданым госцем самых розных міжнародных фестываляў, конкурсаў і папулярных тэлевізійных праграм на ўвесь Савецкі Саюз. Маючы прыгожы лірычны вакал, Анатоль Ярмоленка змог увекавечыць у сваіх песнях вершы класікаў беларускай літаратуры і зрабіць знакамітымі творы сучасных паэтаў.
Пра вялікі ўклад Анатоля Ярмоленкі ў культуру, яго выдатную творчую працу і высокі прафесіяналізм сведчыць шэраг узнагарод і падзяк: ордэн Францыска Скарыны, ордэн Дружбы ад Расійскай Федэрацыі, музычная нацыянальная прэмія “Голас Айчыны”, ганаровы знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, званне “Ганаровы жыхар горада Мінска”. Анатоль Іванавіч валодае непаўторнай артыстычнай харызмай і простай чалавечай абаяльнасцю, якія прывабліваюць гледача і слухача.
Тэлеканал “Беларусь 3” 15 лістапада ў 10:05 прапануе ўвазе тэлеаўдыторыі праграму “Камертон” з удзелам лідара легендарнага ансамбля “Сябры”. Праект не толькі падрабязна распавядзе пра творчы шлях Анатоля Ярмоленкі, але і падорыць магчымасць убачыць архіўныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі. Сам артыст раскажа пра сваю музычную кухню і адкрые сакрэт, што прымушае яго працягваць сустракацца з гледачамі на канцэртах і фестывалях столькі гадоў. Прыхільнікаў ансамбля “Сябры” чакаюць цікавыя факты фарміравання іміджу артыста, асобна ён узгадае гісторыю песні “Алеся”.
У 13:15 у эфіры “Беларусь 3” будзе паказаны канцэрт ансамбля “Сябры” на XXVI Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Разам з Анатолем Ярмоленкам і яго камандай на сцэну Летняга амфітэатра выйдуць Тамара Гвердцытэлі, Леў Лешчанка, Пётр Ялфімаў, Глеб Мацвяйчук, Руслан Аляхно, Вікторыя Алешка і іншыя.
Яшчэ адна сустрэча з кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамбля “Сябры” чакае гледачоў сацыякультурнага канала ў праграме “24 пытанні” ў 19:25, дзе вядучы пацікавіцца ў Анатоля Іванавіча пра малавядомыя і цікавыя факты з яго багатай біяграфіі.
Белтэлерадыёкампанія зняла канцэрт ансамбля “Сябры” і падрыхтавала тэматычныя праграмы да юбілею, каб чарговы раз парадаваць гледачоў якаснай, добрай музыкай і яшчэ раз павіншаваць мэтра з 70-годдзем.













